Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Музейна-педагагічны занятак з групай навучэнцаў творчай майстэрні “Фарба”

8 лютага 2012 года на выстаўцы “Прасторы вольныя зямлі” (Беларускі пейзаж 1950–2000-х гадоў) адбыўся музейна-педагагічны занятак з групай навучэнцаў творчай майстэрні “Фарба”. Узрост юных наведвальнікаў вар’іраваўся ад 10 да 13 гадоў.

Выхаванцы гэтай майстэрні – дзеці з цяжкімі парушэннямі слыху мінскай спецыяльнай школы № 14. “Фарба” дапамагае творчай самарэалізацыі дзяцей адэкватна іх магчымасцям. Заняткі выяўленчым мастацтвам у значнай ступені павялічваюць самаацэнку дзяцей. ТМ “Фарба” была арганізавана 6 студзеня 1993 года. Заснавальнікам і кіраўніком калектыву з’яўляецца мастак-выкладчык Дзмітрый Ярмілаў.

На дадзеным занятку навуковы супрацоўнік музея, куратар выстаўкі “Прасторы вольныя зямлі” Наталля Сяліцкая знаёміла дзяцей з творамі беларускіх мастакоў-пейзажыстаў. Галоўнай задачай было засяродзіць увагу дзяцей на самых яркіх і характэрных асаблівасцях твора. Пасля азнаямлення з выстаўкай выхаванцам ТМ “Фарба” прапаноўвалася выбраць карціну, якая найбольш спадабалася, каб прама ў музеі адлюстраваць яе ў фарбах на паперы. Атрымаўшы новыя веды і станоўчыя эмоцыі, юныя мастакі маглі па-свойму інтэрпрэтаваць сапраўдны твор мастацтва.

Першы сумесны праект Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і ТМ “Фарба” (у рамках спецыяльнай музейнай праграмы “Крок насустрач”, адрасаванай людзям з абмежаванымі магчымасцямі) здзейсніўся ў чэрвені 2005 года і меў назву “Свет іншымі вачыма”. На працягу месяца навучэнцы творчай майстэрні наведвалі музей, дзе з імі працавала навуковы супрацоўнік Наталля Сяліцкая. Вынікам цыкла музейна-педагагічных заняткаў стала выстаўка дзіцячых малюнкаў у сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Восенню 2005 года пад патранажам нашага музея выхаванцы ТМ “Фарба” выязджалі на пленэр у Мірскі замак.

У кастрычніку 2010 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё сацыяльна-мастацкага праекта “Рэха цішыні”. У ім былі прадстаўлены карціны дзяцей з цяжкімі парушэннямі слыху, якія займаюцца ў ТМ “Фарба», і чорна-белыя здымкі беларускага фатографа Марыны Бацюковай, на якіх адлюстраваны гэтыя дзеці. Асноўнай задачай арганізатараў праекта было адысці ад звычайнага разумення цішыні і некалькі пашырыць уяўленне гледача пра яе: свет цішыні, у якім жывуць гэтыя дзеці, не азначае адзіноту. Цішыня – гэта заўсёды свет сустрэчы з новымі пачуццямі і вобразамі, а ў кожнага яны свае. На выстаўцы гледачам прапаноўвалася ўбачыць узаемапранікненне двух відаў візуальнага мастацтва, аб’яднаных агульнай ідэяй.

У далейшым Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь у рамках спецыяльнай праграмы “Крок насустрач” плануе працягваць супрацоўніцтва з мінскай школай № 14 і зрабіць шэраг новых цікавых сацыяльна-мастацкіх праектаў. Увага і цікавасць з боку грамадства да жыцця такіх дзяцей вельмі важныя для іх.