Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Мінскі сход нашчадкаў шляхты і дваранства

21 студзеня 2012 года ў музычнай гасцінай «Дома Ваньковічаў» (філіял Нацыянальнага мастацкага музея РБ) сваю сустрэчу праводзіў «Мінскі сход нашчадкаў шляхты і дваранства». Члены грамадскага аб’яднання сабраліся разам, каб павіншаваць свайго таварыша, Аляксандра Мурашку, з выхадам у свет кнігі «Гісторыя роду Мурашка» (аўтар А. Залівака). У кнізе ў даступнай форме апублікаваны даследаванні пра гісторыю старабеларускага роду Мурашка, прадстаўнікі якога пастаянна з сярэдзіны XV стагоддзя пражывалі на тэрыторыі Беларусі. Пры даследаванні былі выкарыстаны дакументы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Атрымалася скласці пакаленны спіс некалькіх галін роду. Адбылася прэзентацыя кнігі і прадстаўленне заказчыка гэтага выдання, Аляксандра Мурашкі і яго сям’і.
Вёў сустрэчу каардынатар музычна-эстэтычных праграм сходу Юрый Шарамет. Цёплыя словы прывітання ўсім прысутным прагучалі ад старшыні сходу Ігара Чакалава-Шыдлоўскага. Ён жа нагадаў самыя важныя этапы станаўлення і існавання шляхецка-дваранскага саслоўя на Беларусі. Затым члены праўлення павіншавалі А.У. Мурашку.
Сам Аляксандр Уладзіміравіч Мурашка – абаяльны чалавек, здольны арганізатар вытворчасці, таленавіты музыкант – парадаваў гасцей выкананнем рамансаў. Яго старэйшы сын Андрэй, прафесійны музыкант, з жонкай, скрыпачкай Маймунай, а таксама малодшая дачка Марына – усе яны з задавальненнем ігралі і спявалі. Было весела і ўрачыста.
Усе радаваліся таму, што яшчэ для аднаго роду пракладзены мост з XV стагоддзя ў XXI, што слаўныя традыцыі продкаў панясуць далей таленавітыя прадстаўнікі роду Мурашка.