Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Мікалаю Міхайлавічу Паграноўскаму – 60 гадоў

Калектыў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь сардэчна віншуе дырэктара Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, былога галоўнага захавальніка нашага музея з юбілеем.

Мастацтвазнаўца, даследчык беларускага сучаснага мастацтва Мікалай Міхайлавіч Паграноўскі нарадзіўся 21 лютага 1952 года ў вёсцы Бечы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Багатая, шчодрая, яркая прырода краю шмат у чым вызначыла выбар яго прафесіі. У 1974 годзе ён паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, дзе вучыўся ў выкладчыкаў І. Глазавай, В. Васільева, В. Ісакава, Ф. Лейтман. Потым былі гады самастойнай працы мастаком-афарміцелем і новы этап вучобы. Знакамітая Акадэмія мастацтваў (Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна) у Ленінградзе і Беларуская акадэмія мастацтваў у Мінску, аспірантура пры ёй далі Мікалаю Паграноўскаму трывалую базу класічнай мастацтвазнаўчай адукацыі, якая дазволіла будучаму даследчыку-крытыку ўпэўнена адчуваць сябе ў любым з відаў выяўленчага мастацтва, з поспехам выкладаць на кафедры гісторыі мастацтва ў Беларускай акадэміі мастацтваў.

У Дзяржаўны мастацкі музей БССР Мікалай Міхайлавіч прыйшоў у 1986 годзе, у перыяд актыўнага тэрытарыяльнага пашырэння музея, падрыхтоўкі да адкрыцця новых філіялаў у Магілёве, Міры, Гальшанах, Лошыцы. Музейная частка яго жыцця пачынаецца з аддзела “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХIХ стагоддзя”. Энергічны, кампетэнтны і нястомны, ён усяго праз два гады, у 1988 г., становіцца загадчыкам аддзела “Сядзібны дом XIX стагоддзя ў в. Лошыца”. У абодвух філіялах даследчыя і арганізацыйныя здольнасці Мікалая Паграноўскага раскрыліся ў поўнай меры. Рыхтаваліся дакументы для рэстаўрацыі, адшуквалі гістарычныя даведкі і архіўныя матэрыялы, чарцяжы, падбіраліся спецыялісты, здольныя пісьменна весці рэстаўрацыю ўнікальных помнікаў культуры. З 1990 года на працягу дзесяці гадоў Мікалай Міхайлавіч займае адказную пасаду галоўнага захавальніка Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі (з 1993 г. – Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). І тут ён вырашае цэлы комплекс складаных задач – арганізацыі эфектыўнай работы аддзела захавання, уліку і папаўнення калекцый і рэстаўрацыі музейных твораў у цяжкіх для музея ўмовах, калі частку экспазіцыйных плошчаў першага паверха вымушана займалі сховішчы.

За невялікі прамежак часу Мікалай Паграноўскі заявіў аб сабе як удумлівы, уважлівы спецыяліст-мастацтвазнаўца. Ён актыўна выступае з артыкуламі, крытычнымі водгукамі, аглядамі выставак, удзельнічае ў навуковых канферэнцыях, мастацкіх пленэрах. Яго меркаванне становіцца значным, прыкметным, да яго цягнуцца маладыя мастакі і заўсёды знаходзяць падтрымку, шчырую зацікаўленасць. У 1990-я гады выйшлі ў свет яго альбомы “Уладзімір Слабодчыкаў”, “Юрый Герасіменка”, “Ізраіль Басаў”, “Анатоль Кузняцоў”, “Moderne Belorussische Graphik”, “Ausstelung Graphik”; буклеты “Д. Сурыновіч”, “А. Сіцько”, шэраг публікацый, прысвечаных культуры і мастацтву Беларусі XIX стагоддзя. Мікалай Паграноўскі – адзін з аўтараў-складальнікаў энцыклапедычнага даведніка “Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998” (Мн. “Кавалер Паблішэрс”, 1998).

Сёння Мікалай Паграноўскі – з 2005 года дырэктар Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”" – прызнаны аўтарытэт у нацыянальным музеязнаўстве і мастацтвазнаўстве. У ім шчасліва спалучаюцца талент мастака, тонкасць і лірызм фатографа, інтуіцыя даследніка і выдатныя чалавечыя якасці – дабрыня, сардэчнасць, спагадлівасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну, самаадданая і пяшчотная любоў да трох дочак.