КАНЦЭРТ-АКЦЫЯ ў рамках святкавання 140-годдзя з дня нараджэння В.К. Бялыніцкага-Бірулі (1872–1957)
КАНЦЭРТ-АКЦЫЯ
ў рамках святкавання 140-годдзя з дня нараджэння выдатнага пейзажыста
Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі (1872–1957)
17 сакавіка
(субота) а 18-й гадзіне адбудзецца канцэрт клавесіннай музыкі ў выкананні
салісткі Акадэміі музыкі і Беларускай дзяржаўнай філармоніі ТАЦЦЯНЫ ХАЛЕВА
Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля (1872–1957) – ураджэнец маёнтка Крынкі ў Магілёўскай губерні – у гісторыю рускага і беларускага мастацтва канца XIX – першай паловы ХХ ст. увайшоў як прадаўжальнік традыцыі рэалізму, майстар лірычнага пейзажа. Адным са значных этапаў у развіцці мастака стаў удзел у дзейнасці Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. Гэта шмат у чым вызначыла яго крэда мастака. За сваё шматгадовае і плённае творчае жыццё В.К. Бялыніцкі-Біруля быў удастоены шэрага ўзнагарод і званняў: акадэмік Імператарскай Акадэміі мастацтваў і сапраўдны член Акадэміі мастацтваў СССР, народны мастак РСФСР і БССР, ганаровы акадэмік Акадэміі навук БССР і інш.
На сённяшні дзень самая вялікая калекцыя эцюдаў і карцін В.К. Бялыніцкага-Бірулі – больш за 400 прац – захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Асноўная частка гэтай калекцыі была сабрана А.В. Аладавай. Шэраг твораў паступіў у музейны збор яшчэ пры жыцці пейзажыста. Захаваліся лісты мастака да дырэктара музея. У адным з іх Біруля піша пра сябе: “Я люблю музыку больш за ўсё ў жыцці, і ў прыродзе я часам чую нібыта вецер, нібыта музыку ...”.