Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Галоўныя падзеі і вынікі працы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусі ў 2011 годзе

Галоўныя падзеі і вынікі працы

Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусі

ў 2011 годзе

Кіраўніцтва нашай дзяржавы актыўна падтрымлівае нацыянальную культуру і мастацтва, з гэтай мэтай выдаткоўваюцца значныя фінансавыя сродкі на музейныя экспазіцыі, закупку экспанатаў, твораў мастацтва сучасных беларускіх мастакоў. Умацоўваецца і пашыраецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў культуры і мастацтва.

Так Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі распараджэннем Кіраўніка дзяржавы ў 2011 годзе быў перададзены 4-павярховы будынак па вуліцы К. Маркса, 24. З 2012 года распачнецца рэстаўрацыя і прыстасаванне музейных будынкаў пад будучыя музейныя экспазіцыі.

У красавіку 2011 года Замкавы комплекс “Мір”, які 22 гады быў філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, стаў самастойнай музейнай установай. 27–29 жніўня 2011 года з удзелам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у Мірскім замке прайшоў першы Набокаўскі музычны фестываль (сумесна з Замкавым комплексам “Мір”, Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА, Беларускай дзяржаўнай філармоніяй). Упершыню ў свеце вядомым піяністам Ю. Бліновым былі выкананы некаторыя музычныя творы французскага кампазітара беларускага паходжання Мікалая Набокава (1903–1978) родам з Любчы. На канцэрты былі запрошаны нашчадкі князёў Святаполк-Мірскіх – Ірэна і Марыя.

10–14 мая 2011 года прайшла міжнародная канферэнцыя “Культурное наследие и информационные технологии на постсоветском пространстве – АДИТ-2011. Минск”, на якой кампакт-дыск музея “Дзяржаўная карцінная галярэя БССР. 1939–1941. Страты і вяртанне” атрымаў Гран-пры прафесійнага журы.

1–2 лістапада музейшчыкі Беларусі прынялі ўдзел у Міжнародным музейным форуме ў Дзяржаўным Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу, прысвечаным 10-гадавому юбілею Саюза музеяў Расіі.

Фонды музея папоўніліся на 317 адзінак захавання і дасягнулі 27195 адзінак захавання. Па дзяржаўнай праграме “Культура. 2011–2015” закуплена 6 твораў чатырох мастакоў Беларусі. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь наведала 163 653  асобы, праведзена 4 271 экскурсій, арганізавана 61 выстаўка, у тым ліку 6 віртуальных, прачытана 368 лекцый. У Дзяржаўны каталог Музейнага фонда Рэспублікі Беларусь унесена 3 925 твораў, у тым ліку за 2011 год – 3 711 адзінак. У гэтым годзе ў музеі пачаў працу Апякунскі савет музея. Cтаршынёй Апякунскага савета абраны Мацюшэўскі В.С., старшыня праўлення “БПС-Банк”.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь з 2011 года распачаў новы выставачны праект з фондаў музея – “Нашы калекцыі”. Было паказана больш за 300 твораў мастацтва, у тым ліку і вернутых да жыцця рэстаўратарамі музея. Асабліва трэба адзначыць выстаўку беларускіх абразоў “Вобраз найсвятой Багародзіцы ў беларускім іканапісе XVII–XIX стст.” і выстаўку беларускіх абразоў XVII–XVIII стагоддзяў “Адкрыццё святой прыгажосці. Новае жыццё беларускіх ікон”, за рэстаўрацыю якіх група з 8 музейных работнікаў атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Рэстаўрацыя”.