Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Cinema Perpetuum Mobile

17 і 18 студзеня 2012 г. у 18.30 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у рамках Міжнароднага фестывалю-кінакааперацыі Cinema Perpetuum Mobile, арганізаванага Мінскім кінаклубам пры падтрымцы РУП “Белвідэацэнтр”, адбудуцца конкурсныя паказы кароткаметражных фільмаў.

Cinema Perpetuum mobile – міжнародны фестываль-кінакааперацыя незалежных фільммэйкераў. Яго асаблівасцю з’яўляецца тое, што ўдзельнікі кінакааперацыі здымаюць кароткаметражныя фільмы спецыяльна для фестывалю на тэму «Вечны рухавік» (Perpetuum mobile). Акрамя галоўнай тэмы фестывалю прадугледжаны таксама:

Perpetuum Ars (вечнае мастацтва);

Perpetuum Idea (вечная ідэя);

Perpetuum Vita (вечнае жыццё);

Perpetuum Adversi (вечная супярэчнасць);

Perpetuum Libertas (вечная свабода).

Свой удзел у фестывалі пацвердзілі больш за 150 рэжысёраў і здымачных груп з 35 краін свету, у тым ліку Расіі, ЗША, Канады, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Польшчы, Італіі, Іспаніі, Ізраіля, Індыі, Аўстраліі і іншых дзяржаў. Сярод іх спецыяльна запрошаныя ўдзельнікі, працы якіх былі ўдастоены прэстыжных узнагарод на міжнародных кінафестывалях. У конкурсную праграму ўключаны лепшыя фільмы партнёраў фестываляў Cologne OFF, KinoBerlino (Германія), Basque Shorts Films (Іспанія), Quest Europe (Польшча), AAfilmLab (ЗША).

У склад журы ўвайшлі вядомыя прадстаўнікі незалежнага кінематографа розных краін: рэжысёр Коры Макебі (ЗША), рэжысёр, кіраўнік сеткі відагалерэй «АртВидеоКёльн» У. Агрыкола дэ Калон (Германія), старшыня федэрацыі кінаклубаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы М. Гіл (Польшча), рэжысёр Багдана Смірнова (Украіна) і, вядома ж, прадстаўнікі беларускага кіно: рэжысёр і сцэнарыст, член Еўрапейскай акадэміі кіно В. Аслюк, прадзюсер, рэжысёр Ю. Ігруша, рэжысёр, дэкан факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар П. Іваноў, рэжысёр С. Красікаў.

“Cinema Perpetuum Mobile” – першы беларускі фестываль, які ўключаны ў найбуйнейшую базу даных фестываляў Withoutabox, раздзела IMDb (Internet Movie Database). Withoutabox аб’ядноўвае больш за трыста тысяч фільммэйкераў і ўтрымлівае інфармацыю пра тры тысячы кінафестываляў усяго свету.