Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Адкрылася выстаўка хустак і шаляў Паўлавапасадскай мануфактуры – «Кветкі Расіі»

28 студзеня а 13-й гадзіне ў выставачнай зале філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь “Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы” адкрылася выстаўка хустак і шаляў Паўлавапасадскай мануфактуры – «Кветкі Расіі». Знаўцам традыцыйнага мастацтва прадстаўлены творы з калекцыі мануфактуры «Вытокі». На цырымоніі адкрыцця выступілі намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Усава Н.М., загадчыца філіяла Крэль С.В. і прадстаўнікі Паўлавапасадскай мануфактуры, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Расіі мастачкі Фадзеева Валерыя і Жукава Алена.
Напярэдадні адкрыцця выстаўкі прадстаўніцы Паўлавапасадскай мануфактуры сустрэліся з дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Пракапцовым У.І. Былі разгледжаны і абмеркаваны пытанні будучых перспектыўных планаў і творчых праектаў паміж дзвюма краінамі – Беларуссю і Расіяй.
Да 30 красавіка 2012 г. увазе гледачоў прадстаўлены вядомыя ва ўсім свеце ўнікальныя вырабы, якія складаюць гонар і славу Расіі, – хусткі і шалі з старадаўняга горада Паўлаўскі Пасад. Больш чым за двухсотгадовую гісторыю на хустачнай мануфактуры склалася адзіная ў сваім родзе паўлавапасадская школа хустачнага малюнка, дзякуючы якой захоўваюцца традыцыі і адточваецца майстэрства мастакоў.
У экспазіцыі паўлавапасадскіх шаляў у «Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы» «Паўлавапасадская хустачная мануфактура» прадставіла каля 50 хустак і шаляў з вытворчай калекцыі «Вытокі», аформленых па малюнках, якія выкананы мастакамі не толькі цяпер, але і па адноўленых, што былі створаны ў ХІХ – пачатку XX стагоддзя. Гледачы могуць пазнаёміцца з асноўнай колеравай палітрай мастацкага афармлення рускай шалі, а таксама ўбачыць усё багацце і разнастайнасць кампазіцый малюнкаў, створаных як на аснове форм раслінна-кветкавага арнаменту, так і арнаментаў, аснову якіх складаюць кашмірскія ўзоры, што сталі неад’емнай і арганічнай часткай традыцыйнай рускай шалі.
Над калекцыяй паўлавапасадскіх шаляў і хустак, прадстаўленай на выстаўцы, працавалі выдатныя прафесійныя мастакі, чый талент і майстэрства не аднойчы адзначаліся дзяржаўнымі ўзнагародамі і прэміямі Расіі. Гэта заслужаныя мастакі Расіі, лаўрэаты Дзяржаўных прэмій Расійскай Федэрацыі Дадонава І.П. і Зубрыцкі В.І., лаўрэаты Дзяржаўных прэмій Расійскай Федэрацыі Жукава А.В., Сухараўская Т.П., Фадзеева В.Б., мастакі Белакур Н.С. і Фаварытава А.А.
У знак добрых адносін і будучых перспектыўных праектаў Паўлавапасадская мануфактура перадала ў дар 8 адзінак хустак і шаляў у фонды Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – гэта творы і сучасных мастакоў і адноўленыя ўзоры ХІХ стагоддзя.
Надзвычай цёплая карункавая традыцыя ўзорыстасці і каларыстыкі рускіх хустак і шаляў здзівіць і не пакіне абыякавымі не толькі прыхільнікаў традыцыйнага рускага мастацтва, але і проста гледачоў.