Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Адкрылася выстаўка «Шэдэўры кніжнага мастацтва XVI – пачатку XX ст.»

23 студзеня 2012 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка «Шэдэўры кніжнага мастацтва XVI – пачатку XX ст.». У экспазіцыі прадстаўлены творы з фондаў музея «Гомельскі палацава-паркавы комплекс» і Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава. На цырымоніі адкрыцця выступілі старшыня Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў Барадзінчык І.А., намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Стружэцкі Т.І., дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Пракапцоў У.І., дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Нячаева Г.Р.
На прэс-канферэнцыі, якая адбылася перад адкрыццём выстаўкі, выступіла намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама па сацыяльных пытаннях Клічкоўская А.У., якая расказала пра найбольш цікавыя культурныя праграмы, якія адбыліся ў Гомелі ў 2011 годзе ў рамках праекта «Культурная сталіца Беларусі». Увогуле было рэалізавана 240 праектаў, 84 з якіх – выставачныя. Вынікі прэс-канферэнцыі падвёў намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Стружэцкі Т.І., які паведаміў, што званне культурнай сталіцы ў 2012 годзе перадаецца ад Гомеля Нясвіжу.
На выстаўцы прадстаўлены рэдкія старадрукаваныя выданні XVI – пачатку XVII ст. – кнігі першых ўсходнеславянскіх майстроў: Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца, Васіля Гарабурды, Анісіма Радзішэўскага, выданні Віленскай друкарні, львоўскага майстра Міхаіла Слёзкі. Самая ранняя друкаваная кніга ў экспазіцыі датуецца 1569 годам. Гэта «Навучальнае Евангелле», надрукаванае ў Заблудаве Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам. Герб гетмана Рыгора Хадкевіча ўпрыгожвае тытул старадаўняга фаліянта, які прайшоў ужо не менш за пяць рэстаўрацый за стагоддзі свайго існавання. XVIII ст. «прадстаўляюць» кнігі беларускіх друкарняў: Супрасля, Гродна, Вільні, Магілёва. Экспануюцца работы гравёра Васіля Вашчанкі ў магілёўскім выданні 1730 г. З XVI па XVIII стст. большасць усходнеславянскіх друкарняў дзейнічала на тэрыторыі Беларусі. Гэта лепшае сведчанне аб багацці яе кніжнай культуры.
Мастацтву стварэння кнігі, тэхналогіі і багаццю «апранання» і ўпрыгожвання кожнага выдання прысвечана асобная частка экспазіцыі з Веткаўскага музея. На землях Гомельшчыны з канца XVII ст. складаецца культура стараверскай Веткі. Да 1764 г. гэта быў найбуйнейшы цэнтр пасадскага стараверства. Менавіта гэта дазваляла не толькі збіраць найкаштоўнейшыя старажытныя фаліянты, але і працягваць традыцыі стварэння рукапісных кніг. Тут выпрацоўваецца ўласны стыль мастацкага дэкору, поўны трапяткога жыцця. Сакрэты майстэрства перапісчыка, мастака рукапіснай кнігі прадстаўлены рэдкімі арыгіналамі: фарбамі, дапаможнымі малюнкамі-ўзорамі, інструментамі і матэрыяламі.
Разнастайнасць расліннага арнаменту, багаты каларыт, мноства птушак ператвараюць кнігу ў сапраўдны райскі сад. Найбольш прыгожыя – пеўчыя рукапісы, якія захавалі і старажытны спосаб запісу музыкі – «крукавую натацыю». Адзін з лепшых «веткаўскіх» манускрыптаў – «Святы» першай чвэрці XIX ст. Цудоўныя птушкі-дзевы – Сірыны і Алканосты – разгульваюць па яго старонках. Па квітнеючых ініцыялах скачуць вавёркі. Стыль «квітнеючай Веткі» паўстае ва ўсёй сваёй разнастайнасці.
Выстаўка будзе працаваць у музеі да 5 сакавіка 2012 года.