Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

80 гадоў Ірыне Васільеўне Назімавай

22 лютага 2012 года споўнілася 80 гадоў Ірыне Васільеўне Назімавай.

Такіх людзей, як яна, можна смела назваць «залатым фондам» Нацыянальнага мастацкага музея, паколькі музею была аддадзена большая частка не толькі яе жыцця, але сэрца і душы.

Прыгожая, абаяльная жанчына, выдатны чалавек, выдатны мастацтвазнаўца – усе гэтыя «тытулы» Ірыне Васільеўне належаць па праву і з удзячнасцю выказваюцца калегамі ў дзень яе нараджэння.

Ірына Васільеўна Назімава нарадзілася ў Тбілісі ў 1932 годзе. Скончыўшы Ленінградскую Акадэмію мастацтваў, у 1957 годзе прыехала ў Мінск і прыйшла працаваць у Дзяржаўны мастацкі музей БССР.

Валодаючы велізарнай эрудыцыяй, вадзіла экскурсіі і чытала лекцыі на высокім прафесійным узроўні, захапляючы слухачоў сваім сапраўдным аратарскім талентам. Асабліва шмат наведвальнікаў прыцягвалі яе лекцыі па мастацтве эпохі Адраджэння і цыкл «Музеі свету». Высокае мастацтва атачае Ірыну Васільеўну і ў сямейным жыцці: яшчэ падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе яна выйшла замуж за Уладзіміра Іванавіча Стэльмашонка, які не раз пісаў яе партрэты. Сталі мастакамі і дзеці – Сяргей і Наташа.

З падзякай успамінаючы Ірыну Васільеўну ў дзень яе нараджэння, жадаючы ёй здароўя і дабрабыту, міжволі думаеш аб тым, што ж прыносіць у свет кожны чалавек, які след пакіне пасля сябе?

Ірына Васільеўна Назімава можа сабой ганарыцца: у памяці музея яна застанецца адным з самых доблесных і слаўных яго «рыцараў», які шмат зрабіў для яго росквіту.