Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Пайшла з жыцця доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вера Паўлаўна Пракапцова

13 верасня 2021 года на 75 годзе пайшла з жыцця доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вера Паўлаўна Пракапцова.

Вера Паўлаўна нарадзілася 29 студзеня 1947 г. у г. Мінску ў сям’і народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава. Скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (клас фартэпіяна, 1970), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1975), дактарантуру пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (2000).

Працоўную дзейнасць яна пачала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка (1975–1978). Але больш за 40 гадоў яе навуковая, выкладчыцкая і творчая дзейнасць была звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў. З 1979 – на пасадах загадчыка кафедры тэорыі музыкі і фартэпіяна, загадчыка кафедры фартэпіяна, дацэнта кафедры эстраднай музыкі, намесніка дэкана факультэта мастацкай творчасці, а з 1994 – загадчыка кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры.

Выхавала 3 дактароў і 22 кандыдата мастацтвазнаўства (у тым ліку 6 грамадзян КНР).

Пракапцова Вера Паўлаўна з’яўлялася ганаровым прафесарам Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта г. Чжэнджоу, КНР (2007); міжнародным экспертам РГНФ па мастацтвазнаўстве (Масква, 2014); членам Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў (1998); лаўрэатам прэміі Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў (1999); сакратаром (2003–2008) і старшынёй (2009–2012) экспертнага савета па мастацтвазнаўстве і культуралогіі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь; сакратаром (1998–2001) і старшынёй (з 2014) Савета па абароне доктарскіх дысертацый па спецыяльнасці “тэорыя і гісторыя мастацтваў” пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў; членам саветаў па абароне доктарскіх дысертацый пры УА “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” і Нацыянальная акадэмія мастацтваў імя Т. Жургенава ў г. Алматы (Рэспубліка Казахстан); старшынёй конкурснай камісіі “Мастацтвазнаўства і культуралогія” штогадовага Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх навуковых работ (з 1997).

Узнагароджана ордэнам Святой Прападобнай Еўфрасінні Полацкай (2000), ганаровымі граматамі Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі, нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2015), медалём Францыска Скарыны (2016).

На працягу многіх гадоў Вера Паўлаўна з’яўлялася адзіным у рэспубліцы мастацтвазнаўцам, якая ўсебакова даследавала гісторыю і тэорыю мастацкай адукацыі, стваральнікам і распрацоўшчыкам тэорыі і метадалогіі першай у постсавецкай прасторы спецыялізацыі “кампаратыўнае мастацтвазнаўства” (у 2002 г. распрацаваны інавацыйны Навучальны план). Падрыхтавала 3 адукацыйныя стандарты па спецыялізацыях “сусветная і айчынная мастацкая культура” і “кампаратыўнае мастацтвазнаўства”. Узначальвала навукова-педагагічную школу “Кампаратыўнага мастацтвазнаўства” (з 2001).

Навукова-даследчыя інтарэсы Веры Паўлаўны знайшлі адлюстраванне ў 5 манаграфіях (“Музычная адукацыя ў Беларусі”, 1980; “Мастацкая адукацыя ў Беларусі”, 1999; “Спасціжэнне майстэрства. Станаўленне Мастацкай адукацыі ў Беларусі”, 2006; «Павел Маслеников. Портрет художника в зеркале времени», 2012; “Павел Масленікаў” з серыі “Славутыя мастакі з Беларусі”, 2013), у раздзелах ў шэрагу калектыўных (“Нарысы гісторыі культуры Беларусі”, тт. 2–3, 2014, 2017; «Большая энциклопедия Большого театра Беларуси», 2014 і інш.) і шматтомных выданняў (“Энцыклапедыя літаратуры i мастацтва Беларусі”, тт. 1–5, 1984–1988, “Культура Беларусі: энцыклапедыя”, т. 5, 2014; «Белорусская энциклопедия», тт. 10–11, 2000, 2001 і інш.), у звыш 300 навуковых артыкулах і навукова-метадычных працах.

Выступала з дакладамі, лекцыямі і майстар-класамі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Казахстане, Сербіі, Украіне, Беларусі, Расіі. Уваходзіла ў склад рэдакцыйных калегій шэрага навуковых часопісаў: “Весці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў”, “Мастацтва і культура”, “Артэфакт”, “Мастацкая адукацыя i выхаванне” і інш.

 

Калектыў музея выказвае глыбокія спачуванні генеральнаму дырэктару Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Іванавічу Пракапцову, яго сям’і і блізкім у сувязі з раптоўнай смерцю жонкі і маці Веры Паўлаўны Пракапцовай.

 

Развітанне з выдатным мастацтвазнаўцам, крытыкам і выкладчыкам Верай Паўлаўнай Пракапцовай адбудзецца 15 верасня 2021 года ў 13:30 у храме-помніку ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай (вул. Каліноўскага, 121).