Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

З Мінска на ўвесь свет: на VOKA пройдзе анлайн-экскурсія па выставе Лазара Хідэкеля

У Сусветны дзень мастацтва, 15 красавіка, на відэасэрвісе VOKA пакажуць анлайн-экскурсію па выставе Лазара Хідэкеля “Нас зразумеюць праз 100 год”. Пазнаёміцца з творчасцю знакамітага мастака-авангардыста, першага ў свеце супрэматычнага архітэктара, які на стагоддзе апярэдзіў час, з адным з заснавальнікаў творчага аб’яднання “УНОВИС” усе жадаючыя змогуць бясплатна з любой кропкі свету. Экскурсія прымеркавана да закрыцця выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Эфір пачнецца а 19-й гадзіне.

Экскурсія праводзіцца ў рамках праекта #UNOVIS100, які рэалізуецца Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і кампаніяй А1, пад патранатам Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА ў Беларусі. Першая ў Беларусі персанальная выстава Лазара Хідэкеля “Нас зразумеюць праз 100 год” была адкрыта ў дзень стагоддзя творчага аб’яднання “УНОВИС”, створанага па ініцыятыве Казіміра Малевіча ў Віцебску.

Менавіта ў Віцебску нарадзіўся Лазар Хідэкель, вучыўся ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы ў Марка Шагала, Мсціслава Дабужынскага, Лазара Лісіцкага, а затым і ў Малевіча. Ужо ў 16 гадоў ён узначаліў архітэктурную майстэрню вучылішча і менавіта архітэктуры прысвяціў сваё жыццё.

Анлайн-экскурсію правядзе Кацярына Ізафатава – адна з куратараў выставы, загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, кандыдат мастацтвазнаўства. Яна раскажа, у чым значэнне творчасці Лазара Хідэкеля, у чым ён апярэдзіў свой час і што такое супрэматычная архітэктура.

Спецыяльна для выставы ў Мінск з Нью-Ёрка былі дастаўлены каля 100 арыгінальных работ з асабістага архіва сям’і Лазара Хідэкеля: раннія супрэматычныя кампазіцыі, эскізы касмічнага жылля, планы “Горада-сада”, “Аэрагорада”, “Аквагорада”, першы архітэктурны экалагічны маніфест “АЭРО”, а таксама дакументы “УНОВИСа”. Анлайн-экскурсія дазволіць пазнаёміцца з творчасцю Лазара Хідэкеля ўсім, хто не паспеў наведаць экспазіцыю ў музеі.

Экскурсія 15 красавіка будзе даступная а 19-й гадзіне ў мабільным дадатку VOKA або на сайце voka.tv з любога прыстасавання і ў сетцы любога аператара Беларусі і іншых краін свету без аўтарызацыі. У рамках праекта #UNOVIS100 да канца года на сэрвісе таксама будзе даступны бясплатны прагляд дакументальнага фільма Яўгена Сяцько «УНОВИС» пра гісторыю аб’яднання.

VOKA працягвае знаёміць гледачоў з розных краін з культурнымі з’явамі Беларусі розных напрамкаў і жанраў. Запатрабаванасць такога кантэнту пацвярджае поспех сусветнай трансляцыі легендарнага спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Паўлінка”, якая сабрала больш за 20 тысяч гледачоў ад Канады да Японіі. З любой кропкі свету на VOKA можна паглядзець і адзначаны на міжнародных фестывалях дакументальны фільм «Кто последний?» аб Сямейным інклюзіў-тэатры «і».