Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Выстава твораў Уладзіміра Сулкоўскага "Яго зямля, яго людзі"

Пад такой назвай у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з 1.07.2020 па 23.08.2020 праводзіцца выстава твораў вядомага беларускага мастака Уладзіміра Сулкоўскага (19.07.1950 – 16.05.2013), прымеркаваная да 70-годдзя з дня яго нараджэння.

У Нацыянальным мастацкім музеі гэта першая выстава выдатнага майстра жывапісу, які пры жыцці пастаянна дэманстраваў свае творы на вернісажах у Беларусі і ў розных краінах свету. Выстава “Уладзімір Сулкоўскі – яго зямля, яго людзі” мае мемарыяльны характар. На ёй шырока прадстаўлены ўсе этапы творчага шляху мастака – ад ранніх палотнаў пачатку 1970-х гадоў да апошніх работ майстра, выкананых ім напрыканцы жыцця. Рэтраспектыўная экспазіцыя ўключае вядомыя палотны – “Зямля Браслаўская” (1979–1982), “Курган” (2008), іншыя творы, што захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, і работы, якія належаць дачцэ мастака Алене Сулкоўскай. Некаторыя з іх выстаўляюцца ўпершыню. Шырокі дыяпазон твораў выставы дае магчымасць прадставіць на ёй як вялікія завершаныя палотны, так і невялікія натурныя эцюды, якія даюць выдатнае ўяўленне пра выразную, самабытную, экспрэсіўную жывапісную манеру мастака. Аснову экспазіцыі склалі пейзажныя работы майстра з адлюстраваннем улюбёных яму мясцін роднай Беларусі, партрэты палескіх жанчын у народных строях, выявы інтэр’ераў палескіх хат, партрэты вядомых дзеячаў беларускай гісторыі і культуры – кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага і паэтаў, сяброў мастака, Рыгора Барадуліна і Сержука Сакалова-Воюша. Сабраныя разам, гэтыя палотны дазволяць гледачу скласці выразнае ўяўленне пра творчую спадчыну Уладзіміра Сулкоўскага, яго адметнае месца ў беларускім мастацтве апошняй чвэрці ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя.