Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Выстава твораў мастакоў Беларусі – юбіляраў 2020 года "Плынь часу"

Юбілей – нагода прыгадаць вядомых і не вельмі знакамітых мастакоў, убачыць іх эстэтычна каштоўныя і гістарычна цікавыя работы, якія часам дзесяцігоддзі не бачыў ніхто, акрамя музейных супрацоўнікаў, і якія пасля выставы зноў вернуцца ў сховішчы.

Гэта 14-я з шэрага групавых выстаў, прысвечаных творчасці мастакоў – юбіляраў адпаведнага года. Падобныя выставы сталі ў нашым музеі традыцыйнымі, яны ладзяцца з 2008 года (у некаторыя гады было некалькі падобных асобных выстаў). Сёлета экспануецца звыш 90 жывапісных, скульптурных, дэкаратыўна-ўжытковых твораў больш за 60 мастакоў, якія належаць у той ці іншай ступені да мастацтва Беларусі ў дыяпазоне юбілеяў ад 150 да 70 гадоў. Але самая значная дата, 240 гадоў, належыць Яну (Іагану) Дамелю, які апошнія гады жыцця правёў у Мінску. На гэтай выставе яго ўнікальныя работы з розных прычын адсутнічаюць, але іх можна ўбачыць у пастаяннай экспазіцыі музея і філіяла “Дом Ваньковічаў”; таксама ў гэтым годзе ў нашым музеі рыхтуецца міжнародная выстава, прысвечаная Дамелю. 150 гадоў спаўняецца Андроніку Лазарчуку, украінскаму мастаку, які ў 1908 годзе ўдзельнічаў на мінскай мастацкай выставе некалькімі творамі, і толькі адзін з іх, які прадстаўлены тут, цудам захаваўся, быў вернуты пасля вайны з Нямеччыны, рэстаўрыраваны. У свой час нямала экспанавалася і рэпрадуктавалася знешне някідкае палатно сёлета 130-гадовага Гаўрыіла Віера “Юны мастак”, якое мае аўтабіяграфічны падтэкст. Відавочна, у 1920–1950-я гады ў гэтай карціне асабліва цанілі сацыяльны аспект: талент, творчы імпэт, упартасць хлопчыка з “нізоў”, “з народа”.

Майстры, чые творы прадстаўлены ў экспазіцыі, мелі ці маюць розны ўзровень таленту і яго рэалізаванасці, але кожны з іх у адпаведных формах распавёў пра свет, час, сябе, выяўляючы сваё бачанне светабудовы, свае прыхільнасці ў мастацтве і жыцці. Выстава ўтрымлівае лічаную колькасць работ дасавецкага і даваеннага перыядаў, у асноўным творы 1950–1980-х гадоў “класічнага”, хрэстаматыйнага перыяду савецкага і познесавецкага мастацтва, таксама шэраг работ 1990–2000-х гадоў. Такім чынам, на выставе можно бачыць не толькі суквецце і поліфанію індывідуальнасцей, але і ў пэўнай ступені эвалюцыі парадыгмы (сістэмы ідэйна-пластычных якасцей) беларускага мастацтва другой паловы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя.

Не ўсе мастакі, што нарадзіліся на Беларусі, тут і працавалі. Напрыклад, вялікая частка жыцця Меера Айзенштата і Рамана Семашкевіча прайшла ў Маскве. Пётра Сергіевіч, заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы, жыў у Вільні/Вільнюсе. Уладзімір Гулецкі нарадзіўся ў Вілейцы, але яго жыццёвы шлях, які прайшоў пераважна ў Сібіры, скончыўся ў Растове-на-Доне. Некалькі жывапісных і графічных работ Гулецкага паступілі ў музей з першай пасляваеннай выставы беларускага мастацтва, якая адкрылася ў 1944 годзе ў Маскве і ў 1945-м – у Мінску. У гады вайны мастак служыў у Цэнтральным штабе партызанскага руху. За акіянам апынуліся Галіна Русак і Тамара Стагановіч, яны ўвасобілі сваё светабачанне ў формах, якія па-рознаму спалучаюць рысы як амерыканскага, так і беларускага мастацтва.

Творчасць кожнага з прадстаўленых мастакоў, безумоўна, мае эстэтычную, пазнавальную, гістарычную цікавасць, але неабходна звярнуць увагу на асаблівае жывапіснае майстэрства Івана Карасёва, Антона Каржанеўскага, Аляксандра Мазалёва, Івана Рэя, Івана Ушакова (вядомы пераважна як тэатральны мастак), Івана Фяцісава, Яўгена Харытоненкі.

Па-рознаму прадстаўлены экспаненты ў калекцыі музея (ад аднаго твора да некалькіх дзясяткаў), натуральна, па-рознаму і колькасна яны паказаны на выставе. Работы некаторых аўтараў знаходзяцца таксама (ці толькі там) у раздзеле беларускага мастацтва пастаяннай экспазіцыі ў новым корпусе музея: М. Айзенштата, Т. Арцёмавай, А. Арцімовіча, Л. Гумілеўскага, М. Данцыга, Л. Дударэнкі, І. Карасёва, К. Качана, С. Каўроўскага, А. Мазалёва, І. Рэя, В. Сазыкінай, Т. Сакаловай, Р. Семашкевіча, П. Сергіевіча, Г. Скрыпнічэнкі, Л. Хобатава, Н. Яўглеўскай. І майстроў – юбіляраў больш маладзейшага пакалення: А. Задорына, Н. Залознай, С. Цімохава.

Зразумела, што пры такой колькасці ўдзельнікаў у абмежаванай экспазіцыйнай прасторы мы можам паказаць творчасць кожнага толькі нешматлікімі работамі, якія ўсё ж такі, мы спадзяёмся, даюць канцэнтраванае, “эпіграфічнае” ўражанне пра мастака.