Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Унікальная выстава да 100-годдзя мастацкага аб’яднання УНОВІС «Нас зразумеюць праз 100 гадоў. Лазар Хідэкель»

15 лютага 2020 года Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны пры падтрымцы кампаніі А1 у рамках праекта #UNOVIS100, адкрые першую ў нашай краіне маштабную, рэтраспектыўную выставу твораў знакамітага мастака-авангардыста, першага ў свеце супрэматычнага архітэктара Лазара Хідэкеля “Нас зразумеюць праз 100 год”, прымеркаваную да 100-годдзя з дня заснавання мастацкага аб’яднання УНОВИС (Сцвярджальнікі новага мастацтва).

Словы мастака, узятыя ў якасці назвы выставы “Нас зразумеюць праз 100 год”, адлюстроўваюць канцэпцыю праекта – у якой меры наватарскія ідэі Хідэкеля апярэдзілі час. Невыпадкова для афішы выкарыстаны твор “Лініі, што перасякаюцца” 1920 года. Створаная рукой Хідэкеля супрэматычная рашотка або добра вядомы ва ўсім свеце хэштэг – элемент, які Хідэкель у выніку творчага пошуку вывеў з чорнага квадрата Малевіча. Хэштэг – гэта яшчэ і адсылка да IT-сферы, якой сёння славіцца Беларусь.

Каля 100 работ са збору сям’і Лазара Хідэкеля (Нью-Ёрк), унікальныя дакументы УНОВИСа, тэхналогіі дапоўненай рэальнасці ад кампаніі Feeling Digital і архітэктараў студыі Level 80, якія стварылі VR-праект, дзякуючы якому лятаючы горад Хідэкеля “ажыў”, а таксама анімацыі і фантазіі на тэмы супрэматызму і космасу ўнука мастака Рамана Хідэкеля створаць аб’ёмнае ўяўленне пра жыццё і творчасць “рэвалюцыйнага супрэматыста”. У храналагічнай паслядоўнасці на выставе будуць прадэманстраваны розныя перыяды творчасці Лазара Хідэкеля – ад ранніх кампазіцый, выкананых 15-гадовым юнаком, супрэматычных цыклаў пачатку 1920-х гг. да архітэктурных і экафутурыстычных праектаў канца 1920–1930-х гг. – Горада-сада, Аэрагорада, Горада на апорах і Касмічнага жылля.

Гэты праект стане першым знаёмствам беларускіх гледачоў з унікальнай спадчынай выбітнага архітэктара і працягне выставачныя праекты, якія адкрываюць “знакамітыя і невядомыя” імёны ў беларускай мастацкай культуры.

Публічная праграма ў рамках выставы ўключае штотыднёвую экскурсію ад куратараў, лекцыйны цыкл, майстар-класы для дзяцей розных узростаў ад Школы архітэктурнага мыслення, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў. Да выставы падрыхтаваны каталог пад рэдакцыяй прэзідэнта Таварыства Лазара Хідэкеля, доктара мастацтвазнаўства Рэгіны Хідэкель.

 

Куратары:

Мая Кацнельсон – заснавальнік Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны

Кацярына Ізафатава – загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва, кандыдат мастацтвазнаўства

 

Даведкі па тэлефоне: 327 71 63

 

Паглыбленне ў свет дапоўненай рэальнасці будзе даступна:

панядзелак, аўторак, чацвер – з 14.00 да 18.30;

субота, нядзеля – з 15.00 да 18.30.