Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Сумесны праект двух музеяў да 75-годдзя Вялікай Перамогі: квэст “Аб ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ... ”

З 3 ліпеня 2020 года Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны запускаюць сумесны культурна-адукацыйны праект – квэст “Аб Вялікай Айчыннай ...”.

Гэта першы праект-калабарацыя, які не мае аналагаў і аб'ядноўвае два вядучыя музеі краіны. Унікальнасць квэста ў тым, што яго сцэнарый пабудаваны на ўзаемасувязі ідэнтычных і падобных музейных прадметаў, якія прадстаўлены ў экспазіцыях абодвух музеяў.

Удзельнікі квэста змогуць адправіцца ў займальнае падарожжа па старонках гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага часу, у ходзе якога яны паслядоўна пабываюць у двух музеях. Заданні гульні размешчаны на спецыяльнай інтэрнэт-платформе, распрацаванай кампаніяй ТАА “Сі Бі Мобайл”. У якасці даведніка па экспазіцыях удзельнікам будзе прапанаваны “Франтавы дзённік” – гісторыя чалавека, які прайшоў нялёгкі шлях з першых дзён вайны і да Перамогі. Гэта выданне, зробленае ўручную, – сумесная творчая распрацоўка навуковых супрацоўнікаў і мастакоў музея.

Удзельнікі квэста змогуць зірнуць на вайну вачыма відавочцы, пазнаёміцца з легендарнымі асобамі, стаць сведкамі знакавых падзей, прайсці “Шляхам вайны”, які вядзе да Вялікай Перамогі ...

Пераможцы квэста атрымаюць падарункі і памятныя прызы ад музеяў і партнёра праекта – сеткі магазінаў тавараў для творчасці “АРТ-тэрыторыя”.

Праект рэалізуецца пры падтрымцы ТАА “Сі Бі Мобайл” і ТАА “Палітра”.

Да ўдзелу ў праекце запрашаюцца сфарміраваныя каманды колькасцю да 10 чалавек (узроставае абмежаванне 14+). Папярэдні запіс абавязковы.

Працягласць квэста – каля 3 гадзін.

Кошт удзелу для каманды: 200 руб. Дадаткова кожны ўдзельнік аплачвае ўваходныя білеты ў абодва музея.

Запіс па тэлефонах: +375 (17) 2202287 (НММ РБ), +375 (17) 3272350 (БГМИВОВ).

Куратары праекта: Машчонак Алёна Ігараўна (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь) і Навіцкая Кацярына Уладзіміраўна (Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны).