Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Прадстаўленне спісу іконы “Нараджэнне Маці Божай” сярэдзіны XVII стагоддзя ў рамках праграмы “Вяртанне святыні”

Прэзентацыя не адбудзецца!

Мерапрыемства пераносіцца, дата і час удакладняюцца.

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у рамках праграмы Вяртанне святыні адбудзецца прадстаўленне ўнікальнага праекта па аднаўленні традыцыі старажытнага беларускага іканапісу. У цэнтры ўвагі  шэдэўр сакральнага мастацтва сярэдзіны XVII стагоддзя  абраз “Нараджэнне Маці Божай” маларыцкага майстра.

Мастацтва іканапісу перажывае новы ўздым і сваё другое нараджэнне. Праграма пазнаёміць гледачоў з выдатным узорам беларускай культуры, што выклікае жывую цікавасць сучаснага пакалення да сваёй спадчыны. Сярод іх – аматары нацыянальных традыцый, прафесійныя мастацтвазнаўцы, замежныя госці, якія маюць шчыры інтарэс да беларускай культуры.

Стварэнне копіі (спісу) абраза “Нараджэнне Маці Божай” рэалізавана іканапіснай майстэрняй “Запавет” сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і прыходам царквы Нараджэння Божай Маці в. Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Падчас прэзентацыі праекта будуць паказаны этапы стварэння і рэканструкцыі абраза: выраб іконнай дошкі, старадаўняя тэхніка разьбы па ляўкасе, распрацоўка вобразаў з улікам стылявых асаблівасцяў беларускага іканапісу XVII стагоддзя, праца мінеральнымі пігментамі.

Абраз “Нараджэнне Маці Божай” маларыцкага майстра – адзін з выдатных твораў беларускага барока, выкананы ў традыцыях рэнесансу. Ён цудоўна адлюстроўвае спалучэнне ідэальнага і рэальнага жыцця. Кампазіцыя гэтага кранальнага твора – адлюстраванне падзеі, знаёмай кожнай сям’і, і надзіва глыбокае прадчуванне вялікага прадвесця. Удзельнікі дзеяння на абразе – жывыя людзі са своеасаблівымі рысамі і характарамі, а акаляючае асяроддзе – утульнае і адначасова ўрачыстае. Ідэя гэтага твора – сапраўдная рэальнасць, уласцівая мове абраза.

Падчас прэзентацыі будуць выстаўлены арыгінал і копія знакамітага абраза. Праграма “Вяртанне святыні” – гэта сустрэча творчай спадчыны старажытнабеларускага іканапісу з сучасным разуменнем яго глыбіні і шматграннасці.

На адкрыцці мерапрыемства будуць прысутнічаць арганізатары і стваральнікі праекта, мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі замежных дзяржаў і іншыя ганаровыя госці. У якасці музычнага суправаджэння прагучаць сярэдневяковыя кампазіцыі ў выкананні лютніста Ільі Кубліцкага, музыканта вядомага гурту “Стары Ольса”.

Запрашаем усіх зацікаўленых у вывучэнні і папулярызацыі нацыянальнай культуры Беларусі.