Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Далёкае – блізкае. Літаратурная сустрэча з артыстамі тэатра і кіно / У рамках выставы ілюстрацый да кніг для дзяцей і падлеткаў «Раз, два, три, четыре, пять – я иду тебя искать!»

Ужо ў гэту суботу, 19 верасня 2020 года, а 12-й гадзіне Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь у рамках выставы ілюстрацый да кніг для дзяцей і падлеткаў “Раз, два, три, четыре, пять – я иду тебя искать!” запрашае вялікіх і маленькіх на літаратурную сустрэчу з артыстамі тэатра і кіно “Далёкае – блізкае”.

Мы былі дзецьмі. У кожнага з нас была свая любімая кніга. Мы яе пялегавалі і песцілі. Разам з героямі адпраўляліся ў нябачаныя краіны, зноў і зноў перажывалі ўсе перыпетыі і нягоды, працягваючы руку таварышу ў бядзе і падзяляючы з ім хвіліны радасці і шчасця, і ведалі, што дабро заўсёды мацнейшае, зло будзе пакарана. Цяпер мы выраслі. І ўжо са сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі перагортваем даўно пажоўклыя старонкі кніг, учытваемся ў добра знаёмыя сюжэты і ўглядаемся ў такія родныя карцінкі. І мы зноў маладыя і бесклапотныя, мы зноў дзеці.

Вядомыя беларускія артысты тэатра і кіно прачытаюць урыўкі з кніг, ілюстрацыі да якіх прадстаўлены на выставе. Так, загаловачным творам выставачнага праекта стаў графічны аркуш “Кароль” Арлена Кашкурэвіча да казкі Ханса Крысціяна Андэрсена “Новая сукенка караля” (выданне 1984 года), якую выканае артыст Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Аляксандр Віктаравіч Ждановіч, добра знаёмы многім як Маляваныч з дзіцячай тэлевізійнай праграмы “Калыханка”. У выкананні артыста Тэатра юнага гледача з незвычайна чароўным голасам Алега Сямёнавіча Радкевіча прагучыць урывак з беларускай народнай казкі “Піліпка-сынок” (мастак – Валерый Славук, выданне 1983 года). Выдатная, маладая і таленавітая Марта Голубева, якая выступала на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы ў ролі Паўлінкі, абрала для свайго выступу фрагмент казкі Надзеі Ясмінска “Сем ружаў” (мастак – Кацярына Дубовік, 2015 год выдання); вобраз добрай і пяшчотнай царэўны ёй, безумоўна, да твару. А заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, мэтр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Валянцін Мікалаевіч Салаўёў творам “Надакучлівыя госці” са зборніка беларускіх народных казак “Бацькоўскі дар” (мастак – Анатоль Волкаў, выданне 1957 года) зробіць тонкі намёк аб заканчэнні нашай літаратурнай сустрэчы.

Музычна-ігравое суправаджэнне мерапрыемства ажыццявіць дзіцячы этнічны калектыў “Арацэечка” (пры ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Арт” г. Мінска”) пад кіраўніцтвам Эльвіры Сяргееўны Бараноўскай. «“Арацэя” – кветка паўднёвай Азіі, Афрыкі, берагоў Міжземнага мора, якая прышла да нас ад старажытных качэўнікаў – скіфаў, частка якіх мае славянскае паходжанне, таму што яны сяліліся ў стэпах паміж рэк Дунай і Дон. Дык чаму мы абралі такую далёкую да беларускіх зямель назву? Таму, што “Арацэя” падаецца нам своеасаблівай версіяй нашай роднай папараць-кветкі – кветкі шчасця, трымаючы ў руках якую можна здзейсніць самыя смелыя мары!», – гаворыць кіраўнік калектыву. У выкананні “Арацэечкі” прагучаць дзіцячыя народныя песенькі “Свята”, “Кірмаш”, “Стукалка-грукалка”, “Месяц дагарае”. Разам мы прымем удзел у народных забавах “Грушка” і “Падушачка”.

Самым маленькім гасцям мы прапануем размалёўку з ілюстрацыямі да выставы і сам-насам ці ў кампаніі адзін аднаго або бацькоў пагуляць з пяском, які валодае нейкай магічнай сілай і вабіць да сябе. А гасцей больш старэйшага ўзросту або тых, хто прыйшоў усёй сям’ёй, мы запрашаем прайсці квэст па выставе.

Правядзіце суботні дзень у Мастацкім!

 

Куратар выставы і мерапрыемства – Анастасія Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва. Сакуратара мерапрыемства і вядучая  – Анастасія Трафімчык, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы.

 

На афішы:

Аляксандр Пятровіч Мазалёў. 1910–1970
На вакацыях. 1966
Палатно, алей. 93х97 см