Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Адкрыццё персанальнай выставы Юрыя Платонава “Вандроўка”

27 сакавіка 2020 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё* персанальнай выставы Юрыя Уладзіміравіча Платонава “Вандроўка”.

У сваіх творах Юрый Платонаў перадае ўсю разнастайнасць рэальнасці вакол нас, узнаўляе адчуванне ад убачанага, дапаўняючы свет яркімі адценнямі і тонамі. Функцыянальнай асновай твораў мастака становіцца колеравая гармонія, а зачаравальны каларыт і імклівая дынаміка робяць палотны аўтара эфектнымі і запамінальнымі.

“У працах я спрабую ўзнавіць не стан прыроды, а маё адчуванне ўбачанага, магчыма, свой стан душы ў гэты момант, псіхалагічную рэакцыю на падзею. Стаіць задача стварыць іншы выяўленчы шэраг – у большай ступені пачуццёвы, чым візуальны. Таму ў жывапісе імкнуся быць разняволеным, давяраць адчуванням. Менавіта пошук колеравай канструкцыі твора выклікае ў мяне цікавасць”, – адзначае Юрый Платонаў.

Значнае месца ў творчасці гомельскага мастака займае праца на пленэры. У жывым судотыку з наваколлем нараджаецца той стан, які дазваляе надаваць яго творам акрамя выяўленчай эстэтыкі і яскравай візуальнасці асаблівую энергетыку, своеасаблівы “нерв”, экспрэсіўнасць. У сваіх пейзажах мастак “уключае” гледача ў працэс судотыку са светам вакол нас, акцэнтуючы ўвагу не на стане прыроды, а на стане чалавека.

У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 20 жывапісных палотнаў, створаных мастаком за апошнія гады. “Вандроўка” Юрыя Платонава – гэта і ёсць яго жыццярадаснае творчае падарожжа, якое напоўнена святлом і колерам і ўзвышае над штодзённасцю.

*Паважаныя наведвальнікі! Звяртаем вашу ўвагу на тое, што свабодны ўваход на адкрыццё выставы 27 сакавіка ажыццяўляецца з 16:30 да 17:30 (у неадзначаны час - па ўваходным білеце або карце госця НММ РБ).  

Выстава будзе працаваць з 27 сакавіка па 03 мая 2020 года.

Куратар выставы: Запека Кацярына, малодшы навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела