Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

75 год Вялікай Перамогі

З 16 верасня пачне працаваць выстава «75 год Вялікай Перамогі». Тэма вайны ў мастацтве Беларусі – неўміручая і актуальная вось ужо 75 гадоў. Ваенная тэма была першай і найважнейшай для беларускага мастацтва на працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў. Такі прэстыж сведчыць аб яе значнасці для беларускага народа, а размах, шырыня і адухоўленасць вобразаў, створаных беларускімі мастакамі ў 1950–1980-я гады, надалі многім творам хрэстаматыйны характар. Цікавасць да ваеннай тэматыкі ў мастакоў сярэдняга пакалення абумоўлена не толькі яе маштабнасцю, але і імкненнем мастацкага асэнсавання драматычных падзей, жаданнем паспрабаваць сябе ў сацыяльна-значным творы, дзе ёсць усё: і пафас, і псіхалагізм, і трагедыйнасць. Ваенная тэма ў беларускім мастацтве стала вышэйшай меркай майстэрства для мастака. Цяпер яна ўспрымаецца нават шырэй – як героіка-патрыятычная.

Вайна стала своеасаблівым водападзелам у памяці людзей. У мастацтве можна вылучыць тры пакаленні мастакоў, якія закранулі ў сваёй творчасці тэму вайны: відавочцы – мастакі 1930-х гадоў, чыя творчая сталасць прыйшлася на ваенныя гады; мастакі ваеннага дзяцінства – гэта наступнае пакаленне прыйшло ў 1960-я; нашы сучаснікі, якія нарадзіліся ў 1950–1960-я гады, тыя, што ведаюць пра вайну па творах мастацтва і са слоў бацькоў, без асабістага вопыту.

У такім “храналагічным” дзяленні ёсць свой сэнс: кожная фармацыя прыўнесла ў гэту тэму сваё ўласцівае часу і лёсу светаадчуванне. Адно іх аб’ядноўвае: разуменне, што для такой святой тэмы патрэбна праўда, без знешніх “шумавых” эфектаў і фальшывага пафасу.

Землі Беларусі чатыры гады былі акупаваны фашыстамі, народ вёў зацятую партызанскую вайну, страціўшы амаль чвэрць насельніцтва. У мастацтве сцвярджаецца стаўленне да падзей вайны як да тэмы гістарычнай – вялікага этапу гісторыі савецкага народа, што адбіваецца і на канцэпцыі большасці твораў.

Асноўная тэма беларускага жывапісу – партызанская. Яна ўбірае ў сябе мноства твораў рознага ўзроўню – ад рэалістычных апісальных абагульненняў партызанскага жыцця да сімвалічных. У мастацтве адчуваецца філасафічнасць, адкрытая публіцыстычнасць, што вядзе за сабой сімвал і метафару.

Куратар выставы – Вольга Архіпава,

вядучы навуковы супрацоўнік

аддзела сучаснага беларускага мастацтва