Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

“Раз, два, три, четыре, пять – я иду тебя искать!”. Ілюстрацыі да кніг для дзяцей і падлеткаў

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь ізноў адкрывае свае запаснікі і прадстаўляе ўвазе гледачоў выставу “Раз, два, три, четыре, пять – я иду тебя искать!”, назву якой далі першыя радкі дзіцячай лічылачкі.

Аснову праекта склалі ілюстрацыі да кніг для дзяцей і падлеткаў майстроў кніжнага мастацтва XX–XXI стагоддзяў з калекцыі “Беларуская арыгінальная графіка” ў зборы музея. Кожны знойдзе на выставе карцінкі па душы: адны сустрэнуць старога сябра, іншыя адкрыюць жывапісны свет дзіцячай кнігі.

У экспазіцыю ўвайшло звыш 100 твораў каля 20 аўтараў – шырока вядомых у свеце беларускай кніжнай ілюстрацыі мастакоў. Сярод іх – і мастадонты, і сярэдняе таленавітае пакаленне, і апошняе адкрыццё: Аксана Барысаўна Аракчэева, Міхаіл Лявонцьевіч Бельскі, Таццяна Паўлаўна Беразенская, Анатоль Валянцінавіч Волкаў, Віктар Аляксандравіч Грамыка, Мікалай Цімафеевіч Гуціеў, Кацярына Леанідаўна Дубовік, Барыс Абрамавіч Забораў, Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч, Георгій Георгіевіч Паплаўскі, Уладзімір Сцяпанавіч Пашчасцьеў, Валянціна Сцяпанаўна Сідарава, Валерый Пятровіч Славук, Павел Юр’евіч Татарнікаў, Валянцін Мікалаевіч Ціхановіч, Вацлава Станіславаўна Флёры, Васіль Пятровіч Шаранговіч.

Разумеючы, што немагчыма ахапіць неабсяжнае і паказаць усё, мы вырашылі частку работ, якія не ўвайшлі ў экспазіцыю, прадэманстраваць вам на сайце музея. І не спяшайцеся засмучацца і абурацца, аўтары і прыхільнікі друкаванай графікі, у наступным годзе на выставе “Чорна-белае кіно для вялікіх і маленькіх” мы прадставім вашай увазе кніжныя ілюстрацыі з калекцыі “Беларуская тыражная графіка”. Такім чынам, на працягу двух гадоў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прадэманструе свае багатыя фонды беларускай кніжнай графікі і пакажа цэлую плеяду айчынных мастакоў, якія прысвяцілі сябе мастацтву кнігі.

Экспанаванне выставы пройдзе з 9 верасня па 11 кастрычніка 2020 года.

Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч. 1929–2013

Ілюстрацыя да казкі Ханса Крысціяна Андэрсена “Новая сукенка караля”. Кароль. 1984 год выдання

Папера, гуаш, туш. 27х21 см