Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Урачыстае адкрыццё выставы "Два светы рускага іканапісу. Помнікі XVII стагоддзя са збору Музея рускай іконы"

21 сакавіка 2019 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы сакральнага мастацтва “Два светы рускага іканапісу. Помнікі XVII стагоддзя са збору Музея рускай іконы (Масква)”, прымеркаванай да дня нараджэння Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. 

Прадстаўленыя на выставе 39 помнікаў са збору Музея рускай іконы адносяцца да XVII стагоддзя – аднаго з самых складаных і супярэчлівых перыядаў у рускай культуры, які невыпадкова атрымаў назву «эпохі змен».

Іканапіс гэтага часу завяршае шматвяковую гісторыю развіцця старажытнарускага мастацтва і стаіць напярэдадні рэалістычнага жывапісу Новага часу. Менавіта ў гэты перыяд адбываецца паступовае «абміршчэнне» мастацтва – узрастае цікавасць іканапісцаў да асобы чалавека і да навакольнага свету. З сярэдзіны стагоддзя ўзмацняецца ўплыў еўрапейскай мастацкай культуры, што прыводзіць да істотнага пашырэння кола сюжэтаў і ўскладнення іканаграфіі. Правадніком новых ідэй выступае іканапісная майстэрня Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля, у якой канцэнтруюцца лепшыя ізографы і нават працуюць замежнікі. Менавіта тут адбываецца трансфармацыя выяўленчай мовы рускай іконы – уводзіцца так званы «жывападобны» стыль, які адрозніваецца імкненнем да больш рэалістычнай трактоўкі асабістага пісьма, выкарыстання святлоценявой мадэліроўкі, перадачы аб’ёмнай пластыкі формы. Эстэтычны крытэрый з гэтага часу з’яўляецца асноўным пры ацэнцы твора рэлігійнага жывапісу, а паняцце «боскага» нярэдка падмяняецца паняццем «прыгожага»......