Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Уладзімір Пракапцоў атрымаў званне ганаровага прафесара Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

24 верасня 2019 г. у актавай зале Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава адбылася ўрачыстасць з нагоды 60-гадовага юбілею мастацка-графічнага факультэта.

Выпускнікі факультэта, папулярнага ў рэспубліцы і далёка за яе межамі, сталі не толькі вядомымі педагогамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі і культуры, але і знакамітымі мастакамі – прадаўжальнікамі віцебскай мастацкай школы.

На ўрачыстасць былі запрошаны выпускнікі факультэта розных гадоў выпуску, сярод іх прызнаныя мастакі: Мікола Аўчыннікаў, Васіль Касцючэнка, Уладзімір Рынкевіч, Мікола Мішчанка,Рыгор Шаура, Валерый Данілаў і іншыя.

Рэктар універсітэта А.У. Ягораў павіншаваў прысутных са святам і ўручыў узнагароды педагогам-мастакам універсітэта ад устаноў адукацыі, кіраўніцтва аблвыканкама, Віцебскага гарвыканкама, адміністрацыі раёна і іншых устаноў.Таксама цёпла віталі і віншавалі шматлікіх юбіляраў – выпускнікоў і педагогаў.

Вышэйшую ўзнагароду Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта – ганаровага прафесара – атрымаў і выпускнік мастацка-графічнага факультэта 1975 года выпуску Уладзімір Пракапцоў – генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкая музея Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства, член Беларускага саюза мастакоў.

“Для мяне вялікі гонар і адказнасць атрымаць такое высокае пачэснае званне ў родных намоленых сценах, дзе на працягу пяці гадоў мяне вучылі і асновам мастацтва, і асновам жыцця. Не толькі педагогі-мастакі фарміравалі мяне як асобу, але і педагогі іншых спецыяльнасцей – псіхалогіі і філасофіі, начартальнай геаметрыі, што, дарэчы, выкладала Алена Ціханаўна Жукава – кіраўнік нашай мужчынскай групы.Яна для нас была не толькі патрабавальным педагогам, але і другой маці. Я ўдзячны таксама і сваім аднакурснікам, з якімі мы спасцігалі законы мастацтва, марылі стаць знакамітымі мастакамі, як Марк Шагал ці Казімір Малевіч, аўра якіх лунае і сёння над Віцебскам… Я нават прысвяціў шэраг сваіх твораў Віцебску – “Віцебскія мроі пра Парыж”, “Мой Віцебск”, “Начны Віцебск”.

Для мяне Віцебск, які я называю беларускім Парыжам, не толькі горад майго студэнцкага юнацтва, гэта мая другая Радзіма, якая штодня выхоўвала мяне на высокіх асновах культуры і мастацтва, вывела на жыццёвую сцяжынку…

Таму гэтае пачэснае званне – ганаровы прафесар роднай альма-матар – яшчэ больш абавязвае мяне як мастака, мастацтвазнаўцу, кіраўніка галоўнага музея Беларусі быць дастойным сваіх настаўнікаў, сваіх старэйшых калег – папярэднікаў мастацкага музея”.