Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Рускі імпрэсіянізм. Жывапіс, графіка і скульптура з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

З 1 лістапада пачне працаваць выстава “Рускі імпрэсіянізм”, на якой будуць прадстаўлены жывапіс, графіка і скульптура з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Імпрэсіянізм як інавацыйная плынь 1870-х гадоў і “вынаходніцтва” французскіх жывапісцаў пачаўся са скандалу ў мастацкім свеце, але ўжо к пачатку ХХ стагоддзя ён стаў з’явай звыклай і нават некалькі састарэлай, а ў сярэдзіне 1900-х гадоў французскі жывапіс прыняўся за вырашэнне зусім іншых задач. Для рускага мастацтва засваенне логікі імпрэсіяністычнага мыслення і прыёмаў жывапісу пачалося на рубяжы XIX–XX стагоддзяў. На рускай глебе, якая патрабавала ад мастацтва не столькі прыгожай формы, колькі філасофска-змястоўнага падыходу, імпрэсіянізм быў ператвораны і інтэрпрэтаваны ў нацыянальных традыцыях. Можна казаць, што ён шмат у чым стаў абнаўленнем для рэалістычнай школы жывапісу. Больш за ўсё ў гэтым абнаўленні была задзейнічана маскоўская жывапісная школа, у тым ліку Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, выкладчыкі якой, пераняўшы традыцыі паленаўскага пленэрызму, выхавалі цэлую плеяду мастакоў-імпрэсіяністаў. Абрам Архіпаў, Сяргей Вінаградаў, Канстанцін Каровін, Валянцін Сяроў, Аляксандр Мараваў, Пётр Пятровіч, Леанард Туржанскі, Аляксей Сцяпанаў, Міхаіл Шамякін – вось толькі нешматлікія імёны маскоўскіх мастакоў, якія прынеслі славу рускаму імпрэсіянізму. Хоць задзейнічаны ў гэтым працэсе былі і пецярбургскія, і асобныя рэгіянальныя мастакі. Варта згадаць, што вельмі шмат хто ў сваёй творчасці пройдзе перыяд уплыву імпрэсіяністычнага жывапісу. Гэта – Сяргей Малюцін, Філіп Малявін, Сцяпан Калеснікаў, Мікалай Кузняцоў і інш.

У савецкі перыяд уплыў таталітарызму і ідэалогіі на мастацтва спынілі натуральны ход яго развіцця і пацягнулі за сабой змяненне творчых метадаў многіх мастакоў. З 1932 года савецкае мастацтва бярэ курс на сацыялістычны рэалізм, усе астатнія кірункі, не арыентаваныя на рэалістычную школу, падвергліся жорсткай крытыцы. Слова “імпрэсіянізм” набыло негатыўную афарбоўку, абвінавачванні ў “фармалізме” ўсё часцей загучалі са старонак разгромных рэцэнзій. Для многіх мастакоў гэта стала пачаткам адмовы ад авангардных пазіцый і зваротам да рэалістычнай традыцыі. Але рэалістычнай традыцыі не сухога акадэмічнага ўзору (што было б зусім радыкальна), а змененай павевамі пленэрнага імпрэсіяністычнага жывапісу, які (шмат у чым дзякуючы вучню К. Каровіна і любімаму мастаку Сталіна шчыраму імпрэсіяністу А. Герасімаву) да сярэдзіны ХХ стагоддзя стаў адным з вядучых творчых метадаў савецкіх мастакоў. Да савецкага імпрэсіянізму можна аднесці творчасць Сяргея Герасімава, Фёдара Мадорава, Аляксандра Асмёркіна, Генрыха Паўлоўскага, братоў Ткачовых, Таццяны Яблонскай, Віктара Арэшнікава і інш.

Выстава будзе працаваць да 10 студзеня 2020 года.