Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Адкрыццё выставы Вольгі Шкаруба і Вадзіма Богдана "Грані рэалізму"

12 ліпеня а 17-ай гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстава Вольгі Шкаруба і Вадзіма Богдана "Грані рэалізму"

        “Творчасць – гэта вельмі інтымны і індывідуальны працэс. Кожны мастак шукае свой стыль, адметны, пазнавальны. Мы імпульсіўныя ў сваёй творчасці, шукаем новыя тэмы і спосабы іх увасаблення, не адыходзячы ад галоўных прынцыпаў рэалізму. Нашы працы – эксперымент з напрамкам, што ўжо сфарміраваўся, мы спрабуем знайсці яго новыя грані ў досыць звыклых жанрах: пейзажы, нацюрморце. Натурныя выявы ў нашых працах перайначаны аўтарскай фантазіяй. Мы імкнемся надаць выявам трапятлівасць і цеплыню. У творах злучаюцца асабістыя жыццёвыя назірання з нашымі эстэтычнымі прыхільнасцямі. Кожная праца – яшчэ адзін крок на шляху працэсу самапазнання”, – так кажуць самі мастакі пра выставу і свае творчыя пошукі.

         Імкненне Вольгі Шкаруба і Вадзіма Богдана трактаваць вобразы прыроды і прадметную рэальнасць як сукупнасць разнастайных праяў жыцця з’яўляецца глыбіннай устаноўкай для беларускага мастацтва. Пейзаж часта бывае сімвалічным і адлюстроўвае разважанні і пачуцці мастака, бо многія падзеі адбываюцца на ўлонні прыроды і адгукаюцца рэхам у творчасці.

          Напэўна, таму ў іх творах можна знайсці рысы тыповага беларускага характару. Туман, змярканне, пажухлая асенняя трава, снежная раўніна вельмі падобныя на беларускую задуменнасць і схільнасць да разважання; апалае лісце – спакой; дрэвы, што супрацьстаяць ветру, – сіла, цягавітасць, цярпенне, здольнасць супрацьстаяць жыццёвым нягодам. Іх жывапіс падпарадкаваны задачам паэтызацыі штодзённага быцця. Ён мае шчыльную, матэрыяльную, адчувальную аснову і жыццесцвярджальныя фарбы, але служыць зусім не забаўляльным задачам; унутраным матывам палотнаў, іх сутнасцю часта з’яўляюцца філасофскія катэгорыі.

 Куратар выставы - Ірына Казловамастацтвазнаўца, малодшы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь 

Вадзім Міхайлавіч Богдан нарадзіўся ў 1990 г. у г. Барань (Аршанскі р-н, Рэспубліка Беларусь).

У 2010 г. скончыў Гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, г. Мінск, у 2016 – Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “станковы жывапіс”, у 2017 г. – магістратуру там жа.

Удзельнік рэспубліканскіх выстаў з 2010 г. Браў удзел у міжнародных выставах у г. Оршы і выставе “Art Capital – 2019” у Парыжы.

 Вольга Валереўна Шкаруба нарадзілася 20 верасня 1990 г. у г. Мінску.

У 2010 г. скончыла Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава. У 2016 г. – Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, спецыяльнасць “станковы жывапіс”. З 2016 г. – член маладзёжнага аб’яднання Беларускага саюза мастакоў.

Прымае ўдзел у групавых выставах з 2009 года.

 Работы мастакоў знаходзяцца ў прыватных калекцыях Кітая, Расіі, Шатландыі, Германіі і інш.