Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Адкрыццё выставы Мікалая Мішчанкі “Шляхам творчасці”

26 верасня 2019 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы Мікалая Мішчанкі “Шляхам творчасці”, прымеркаванай да  70-годдзя мастака.

За шматгадовую творчую дзейнасць Мікалай Яўгенавіч Мішчанка звяртаўся да розных жанраў і тэхнік выяўленчага мастацтва. Мастак у тэхніцы акварэлі стварае вытанчаныя пейзажы родных мясцін. Падуладная руцэ майстра і лаканічнасць ліній малюнка ў графічных партрэтах. Захапляюць гледача яркасць і насычанасць жывапісных палотнаў мастака.

Адным з самых любімых сюжэтаў многіх беларускіх мастакоў застаецца пейзаж. Здаецца, што ў гэтым жанры ўжо нельга сказаць нічога новага – палі, ручаі і ўзлескі напісаны шмат разоў. Але актуальнасць пейзажа ў сучасным жывапісе невыпадковая. Большасць людзей жывуць сёння ў гарадах і маюць патрэбу ў вобразным пранікненні ў шматгранны і бязмежны прыродны свет. Пейзаж дапамагае пашырыць гарызонты ўспрымання свету, выводзіць чалавека за жорсткія межы манатонных працоўных будняў гарадскога офіса.

Асаблівае месца ў дзейнасці Мікалая Мішчанкі займае пленэрная работа. У 2003–2010 гг. ён стаў арганізатарам і ўдзельнікам міжнародных пленэраў, прысвечаных памяці класікаў пейзажнага мастацтва В. Бялыніцкага-Бірулі, В. Цвіркі, В. Сідарава. Для стварэння пленэрных твораў Мішчанка наведаў шматлікія куткі Беларусі, Расіі, Украіны: Магілёўшчыну, Міншчыну, Цвярскую вобласць, Зауралле, узбярэжжа Чорнага і Азоўскага мораў. Асаблівую любоў мастак адчувае да сваіх родных мясцін, да беларускай глыбінкі, малой радзімы.

Прадстаўленая ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь выстава твораў Мікалая Мішчанкі – яго творчы шлях, які сведчыць пра бязмежную захопленасць і адданасць майстра свайму рамяству.

Выстава працягнецца  да 27 кастрычніка 2019 года.