Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

“Прашу прыняць у дар…”. Дары і бескарыслівыя перадачы музею. 1999–2019

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца выстава “Прашу прыняць у дар…”. Дары і бескарыслівыя перадачы музею. 1999–2019. 

...Дары – адна з галоўных крыніц фарміравання і папаўнення музейных калекцый: за апошнія 20 гадоў музей такім чынам атрымаў бязвыплатна 4 972 экспанаты. Усе дары праходзяць строгую фільтрацыю: прымаюцца толькі каштоўныя і неабходныя музею творы. Дарэнне – гнуткі і паспяховы, хаця і непрадказальны спосаб камплектавання фондаў. Дзякуючы дарам, у музеі за апошнія 30 гадоў з’явіліся творы Эрнста Невядомага, Марка Шагала, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Паўля Клее, Міхаіла Шамякіна, Барыса Заборава, графіка-архітэктара Іосіфа Лангбарда, Напалеона Орды, Пятра Сергіевіча, Віталя Цвіркі, Леаніда Шчамялёва і многіх іншых беларускіх мастакоў, у тым ліку сярэдняга і малодшага пакаленняў.

На юбілейнай выставе будзе прадстаўлена больш за 170 твораў з розных калекцый, выбраных у выніку стараннага адбору па некалькіх крытэрыях. Мы вырашылі, што яны самыя атрактыўныя, мастацка значныя, разнастайныя, характэрныя для пошукаў сваёй эпохі і знакавыя для мастацтва суверэннай Беларусі. Функцыя музея – захаванне нацыянальнай культурнай памяці, фарміраванне ідэнтычнасці і адзінства нацыі ў еўрапейскім і сусветным кантэксце. Бескарыслівая перадача ў дар Нацыянальнаму музею твораў мастацтва, акрамя эканоміі бюджэтных сродкаў, – сталы грамадзянскі ўчынак, сведчанне актыўнай пазіцыі грамадства і кансалідацыі нацыі, якія клапоцяцца аб прымнажэнні і захаванні разнастайных праяў культуры сваёй краіны...