Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Калектыў нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім

Калектыў нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім, калегам у сувязі з заўчаснай смерцю Ірыны Мікалаеўны Паньшынай, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

12 верасня на 82 годзе жыцця пайшла ад нас Ірына Мікалаеўна Паньшына, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, таленавіты мастацтвазнавец, сапраўдны музейшчык, адданы сваёй прафесіі вучоны.

Усё сваё жыццё Ірына Мікалаеўна прысвяціла музею. Пасля заканчэння Ленінградскага ўніверсітэта ў 1952 годзе сем гадоў працавала ў Дзяржаўным Рускім музеі, а з 1959 года па запрашэнню Алены Васільеўны Аладавай пераехала ў Мінск і амаль пяцьдзесят гадоў, да 2008 года – самы плённы перыяд свайго жыцця – аддала Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь. Ірына Мікалаеўна пачала працу з пасады загадчыка аддзела народнага мастацтва (1959), ужо праз год прыступіла да абавязкаў намесніка дырэктара па навуковай рабоце і ў гэтай якасці нязменна кіравала музеем аж да 2000 года.

Менавіта дзякуючы яе заслугам у гэты перыяд у музеі былі створаны ўсе ўмовы для развіцця навукова-даследчай працы, закладзены той грунтоўны падмурак, дзякуючы якому і сёння Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь можа з гонарам называць сябе адным з буйнейшых цэнтраў айчыннага мастацтвазнаўства.

Будучы сама нястомным даследчыкам, Ірына Мікалаеўна ўсяляк заахвочвала ў маладых супрацоўнікаў цікавасць да навуковай працы – вучыла, дапамагала, падказвала, строга патрабавала. Але больш за ўсё – пабуджала да дзейнасці ўласным прыкладам. Рознабакова адукаваны чалавек, якая ведала і любіла літаратуру, музыку, тэатр, яна валодала выключным інтэлектуальным патэнцыялам. Пра гэта ярка сведчаць напісаныя ёю шматлікія кнігі і навуковыя артыкулы, прысвечаныя праблемам беларускага, рускага, заходнееўрапейскага мастацтва.

Да гэтага часу захоўваюць сваю пазнавальную і навуковую значнасць такія працы Ірыны Мікалаеўны, як «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» (1975), «Час у вобразах і фарбах» (1980), альбомы-каталогі, прысвечаныя творчасці Івана Хруцкага (1990) і Валенція Ваньковіча (2003), што засталіся і да гэтага часу актуальнымі. Своеасаблівым вынікам шматгадовай працы па атрыбуцыі твораў выяўленчага мастацтва стала апошняя кніга Ірыны Мікалаеўны Паньшынай «Што ў імені табе маім?» (2009). Шырата прадстаўленага матэрыялу, бездакорная логіка ў спалучэнні з даследчай дзёрзкасцю – нават у друкаваным тэксце адчувальнай заставалася харызма асобы гэтага вялікага чалавека.

Пры непасрэдным удзеле Ірыны Мікалаеўны Паньшынай, шмат у чым дзякуючы яе энергіі і выбітным арганізатарскім здольнасцям былі створаны філіялы НММ РБ – Музей народнага беларускага мастацтва ў Раўбічах (1979), задуманы яшчэ А.В. Аладавай мемарыяльны Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве (1982), Музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва Беларусі першай паловы ХІХ ст. у Мінску» (2000) і Мемарыяльны музей-майстэрня народнага мастака СССР З.І. Азгура (1998), цяпер перададзены гораду Мінску.

Усе, хто ведаў Ірыну Мікалаеўну Паньшыну і асабліва яе калегі па музею з падзякай і цеплынёй будуць успамінаць гэтага светлага чалавека, парады і меркаванні якога заставаліся значнымі для ўсіх яе вучняў да самых апошніх дзён яе жыцця.