Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Роля этнаграфічных музеяў у свеце. Музеі для ўрэгулявання адносін і міру

19–24 кастрычніка 2009 года ў Сеуле (Рэспубліка Карэя) у Нацыянальным музеі Народнай культуры Рэспублікі Карэя адбылася канферэнцыя «Роля этнаграфічных музеяў у свеце. Музеі для ўрэгулявання адносін і міру» ў рамках штогадовага пасяджэння Міжнароднага камітэта этнаграфічных музеяў і калекцый (ICME\ ICOM). Канферэнцыя прысвечана радыкальна розным падыходам у сферы дзейнасці музеяў, у пытаннях урэгулявання адносін дзеля міру і згоды. У праграме канферэнцыі адбылося абмеркаванне ролі музея ў пытаннях мірнага ўрэгулявання і месца, якое этнаграфічныя музеі жадаюць заняць у сваім грамадстве, ці прадстаўляюць яны пры гэтым культуры, што існуць у асяроддзі іх наведвальнікаў, або культуры іншых краін.

Канферэнцыя складалася з дзвюх частак. У першай частцы 19–21 кастрычніка адбыліся пасяджэнні і круглыя сталы, у якіх прымалі ўдзел музейныя прафесіяналы з 36 краін свету. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прадставілі дырэктар музея Пракапцоў У.І. з дакладам «Выставачная палітыка Музея беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах (Рэспубліка Беларусь) як інструмент падтрымкі культурнай раўнавагі ў поліэтнічным грамадстве» і Пісарэнка В.Р., загадчык Музея беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы філіяла НММ РБ. Другая частка ўключала тур па Карэі з наведваннем у правінцыях Андонга, Дайгу, Гуанджу музея традыцыйнай карэйскай культуры, дзіцячага музея, археалагічных раскопак, музея масак і драмы, рэзідэнцыі правіцеля, маста поўні, будыйскіх храмаў, керамічнага цэнтра.

Удзел у канферэнцыі з’явіўся працягам культурнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Рэспублікай Карэя. Краіны маюць велізарны патэнцыял для развіцця ўзаемадзеяння ў шматлікіх сферах. У маі гэтага года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з вялікім поспехам прайшла выстаўка «Традыцыйнае мастацтва Карэі», арганізаваная па ініцыятыве Пасольства Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, пры непасрэдным удзеле Дзяржаўнага музея этнаграфіі Рэспублікі Карэя. Зараз каля 30 твораў жывапісу, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, перададзеных у дарунак пасля экспанавання Дзяржаўным музеем этнаграфіі Рэспублікі Карэя, мяркуецца паказаць у музеях нашай рэспублікі.