Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Снежнае лета. Выстава тэкстыльнай скульптуры

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь у рамках акцыі “Ноч музеяў–2015. “Ціхая” ноч” 16 мая 2015 года вырашыў паказаць публіцы дасягненні беларускіх дызайнераў – пастскрыптум Тыдня дызайну, які прайшоў у Мінску.

Дызайнерскія арт-аб’екты можна ствараць, як высветлілася, з любога матэрыялу. Асноўны фундаментальны матэрыял гэтай выставы – тэкстыль, тканіна. Тое, што тканіна можа быць скульптурнай, адкрылася яшчэ ў 1980-я гады, а дакладней у 1988 годзе, калі галерэя “Брама” і яе нязменны заснавальнік і куратар, мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн правяла першую эксперыментальную выставу тэкстыльнай скульптуры. Тканіна адарвалася ад плоскасці і набыла прастору. З тых часоў пленэры тэкстыльнай скульптуры з удзелам шматлікіх мастакоў праводзіліся тры разы: “Метафары і метамарфозы” (2012), “Гульні з дажджом” (2013) і “Снежнае лета” (2014). Творы апошняга пленэру, які меў месца ў Смалявічах, сталі асновай выставы.

Тэкстыльныя арт-аб’екты ўпэўнена заваёўвалі выставачныя пляцоўкі. Яны экспанаваліся ў залах Палаца мастацтва, на адкрыцці ММКФ “Лістапад-2012”, у сумесным беларуска-шведскім праекце ў Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску, у Віцебскім мастацкім музеі, у Нацыянальнай бібліятэцы, у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, у Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі, у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава, у філіяле Музея этнаграфіі. Работы былі ўключаны ў культурную праграму Чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2014 у Мінску.

На выставе прадстаўлены 20 твораў 20 майстроў усіх узростаў – ад знакамітых, такіх як лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Ніна Пілюзіна і прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Шунейка, да маладых дызайнераў, цяперашніх студэнтаў тэкстыльных кафедр ВНУ Віцебска і Мінска – Хрысціны Высоцкай і Вікі Ярэміч (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), Аляксандры Захаравай (Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт), а таксама Анастасіі Пухоўскай (выпускніцы Магілёўскага каледжа). І, вядома, нязменныя ўдзельнікі – ветэраны трох пленэраў: Вераніка Багачова і Марыя Барысенка – педагогі мастацкіх ВНУ, кіраўнікі дзіцячых студый Вольга Данілюк і член Беларускага саюза дызайнераў Аляксандра Гірас.

Тэкстыльная скульптура – эксперыменты з тканінай і прасторай – сталі паўнапраўнай з’явай сучаснага дызайну. Да гэтага часу даследчыкі спрачаюцца аб тэрміне: канцэптуальная гэта скульптура або арт-аб’ект? Для гледача гэта неістотна: ён проста захапляецца прыгажосцю звыклых матэрыялаў і невычэрпнай выдумкай мастакоў, з якой яны пераўтвараюць звычайныя тканіны ў творы мастацтва.

Дрэва, шэрсць, лён, бязь, атлас, арганза, ніткі мулінэ, нейлон, батык, рафія (пальмавае валакно), медны дрот, паралон, металізаваны шнур, бамбук, пластык, лямец – вось далёка не поўны спіс выкарыстаных матэрыялаў. Мастакі працуюць у тэхніках валяння, аплікацыі ніткай, тэкстыльнага мадэлявання, ручнога кругавога ткацтва. Падключыўшы ўяўленне і фантазію, гледачу застаецца толькі любавацца гэтымі лёгкімі беласнежнымі скульптурамі і талентам беларускіх майстроў.