Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

ПаСТУЛат. Праект Беларускага саюза дызайнераў

Што можа быць больш простым і звыклым для чалавека, чым прыстасаванне для сядзення – звычайнае крэсла?

У традыцыйным выглядзе крэсла непазбежна ў інтэр’еры кватэры і асабняка, у тэатры, канцэртнай зале, у закусачнай і рэстаране, у канферэнц-зале і офісе, у медыцынскім кабінеце, ды ці мала яшчэ дзе.

Кожнае крэсла мае свой характар і стыль.

Нездарма яно стала героем многіх карцін: успомнім мастакоў пачатку ХХ стагоддзя Маціса і Ван Гога, Эндзі Уорхала і яго “Электрычнае крэсла”, крэсла Гюнтэра Юкера, “Адно і тры крэслы” канцэптуаліста Джозэфа Кошута.

 

Адпраўной кропкай для праекта “ПаСТУЛат” стаў 2012 год, калі на некалькіх выставачных пляцоўках Мінска – у НВЦ “БелЭкспа”, галерэі “Універсітэт культуры” і Музеі гісторыі горада Мінска – адбыліся выставы, у якіх прынялі ўдзел больш за 110 мастакоў, скульптараў, фатографаў і дызайнераў з Беларусі, Расіі і Польшчы. Назва выставачнага праекта “ПаСТУЛат”, у корані якога крыецца тое самае крэсла, таксама сімвалічная, бо “пастулат” – гэта “сцвярджэнне, якое прымаецца без доказаў”. Сапраўды, “вось гэта крэсла, на ім сядзяць ...”. Крэсла – для сядзення. Гэта аксіёма. Але беларускія дызайнеры нібы адкінулі непасрэдную функцыю крэсла як прыстасавання для сядзення. Крэсла для іх – аб’ект для эксперымента, фантазій і неверагодных ператварэнняў.

Праект “ПаСТУЛат” стаў знакавай падзеяй для беларускага дызайну. Пачаўся збор калекцыі дызайнерскіх аб’ектаў, якія былі паказаны на еўрапейскіх фестывалях дызайну: на Тыдні дызайну ў Вільні, на WAWA Design Festival у Варшаве, на Design Night Festival у Таліне, у Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі ў Гомелі і на выставе “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта” ў Мінску.

 

Выстава “ПаСТУЛат” у рамках акцыі “Ноч музеяў–2015. “Ціхая” ноч” набыла музейны фармат у сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, уварваўшыся ў класічную экспазіцыю. Яна ўяўляе новыя працы беларускіх дызайнераў, мастакоў, натхнёных такім штодзённым, але такім неад’емным і прыцягальным аб’ектам для чалавека, як крэсла. Спадзяемся, 16 мая 2015 года “ПаСТУЛат” набудзе новых прыхільнікаў!