Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

16 мая 2015 года з 19:00 да 24:00

16 мая 2015 года з 19:00 да 24:00 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь запрашае мінчан і гасцей сталіцы прыняць удзел у штогадовай Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, якая адбудзецца ў гэтым годзе ў 11-ы раз. Тэмай арт-праекта “Ноч музеяў-2015” стане “Ціхая” ноч” пад дэвізам “У кожнага свая цішыня”.

Цішыня – надзейны спадарожнік любой музейнай экспазіцыі. Без цішыні нельга зразумець прыгажосць. Усё вялікае здзяйснялася ў цішыні. І само гэта вялікае выклікае жаданне не парушаць цішыню. Нацыянальны мастацкі музей працягвае традыцыю актыўнага ўдзелу ў Міжнароднай культурнай акцыі “Ноч музеяў”. Але ў гэтым годзе, улічваючы вялікую колькасць наведвальнікаў акцыі, фармат мерапрыемства будзе крыху зменены. Білеты, колькасць якіх абмежавана да 4-х тысяч, можна будзе набыць толькі папярэдне. 16 мая, у дзень правядзення акцыі “Ноч музеяў”, білеты прадавацца не будуць. Пры продажы білетаў загадзя наведвальнікам будзе рэкамендавана прыйсці на акцыю “Ноч музеяў” к пэўнай гадзіне: 19:00, 20:00, 21:00, 22:00. Гэта будзе зроблена для зручнасці, каб пазбегнуць вялікіх чэргаў і масавага збірання ў залах музея. Усе гэтыя змены дадуць магчымасць зрабіць наведванне акцыі больш камфортным, а само мерапрыемства пакіне прыемныя ўражанні. Папярэдні продаж білетаў пачнецца 1 мая. Кошт білета складзе 100 000 беларускіх рублёў.

Камерны фармат акцыі “Ноч музеяў” зусім не азначае, што інтэрактыўныя пляцоўкі саступяць месца традыцыйнаму агляду экспазіцыі. Змест застанецца па-ранейшаму нечаканым, захапляльным, крэатыўным.

На адну ноч Нацыянальны мастацкі музей стане храмам багіні Гесіхіі, дзе можна будзе застацца сам-насам са сваёй унутранай цішынёй і праз сузіранне адчуць уласную гармонію. Трэба толькі навучыцца чуць у цішыні, бо нават у цішыні ёсць свой голас. І гэты голас мае мноства адценняў. Ёсць цішыня летніх начэй з напластаваннем арый насякомых, шолаху лісця; ёсць зімовая цішыня – глыбокае бязмоўе – з марозным пабразгваннем галінак дрэў і рэхам сказанага глыбокай ноччу слова. Ёсць і іншыя віды цішыні. Напрыклад, маўчанне паміж двума закаханымі, калі словы ўжо не патрэбныя... Але сапраўдны голас цішыні спасцігаеш толькі ў самім сабе, калі мозг адмаўляецца ад усіх знешніх гукаў і ты адчуваеш, як кроў пульсуе ў тваім целе. У табе самім ёсць цішыня, ёсць храм, дзе ты ў любы час можаш адасобіцца, каб пабыць сам-насам.

Цішыня не азначае маўчанне, гэта асаблівы стан свету і душы. Цішыня дазволіць пачуць усё больш выразна. Цішыня дасць магчымасць атрымаць правільныя адказы.

Акцыя адбудзецца пры падтрымцы генеральнага партнёра музея Замежнага ўнітарнага прадпрыемства “Брытыш-Амерыкан Табакка Трэйдынг Компані”.

Куратар акцыі “Ноч музеяў–2015. “Ціхая” ноч” – Андрэй Сцепанец, загадчык сектара маркетынгу аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.