Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Музычны праект “4:34” ад “МолОта”

Міжнародная супольнасць кампазітараў і выканаўцаў “МолОт” арганізуе ў рамках акцыі “Ноч музеяў–2015” музычна-тэатральную арт-кропку ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Лакацыя “МолОта” будзе актыўнай з 1915 да 2000, з 2100 да 2145 і з 2240 да 2325.

Выступленне “МолОта” ў рамках акцыі “Ноч музеяў–2015. “Ціхая” ноч” – гэта квінтэсенцыя назапашанага вопыту выступленняў і арганізацыі міжнародных фестываляў акадэмічнай і авангарднай музыкі.

Праграма трох аддзяленняў канцэрта дакладна падабрана для поўнай адпаведнасці тэме “Ціхая” ноч”.

Вось некалькі апісанняў музычных інтэрпрэтацый “цішыні і гуку” ад “МолОта”:

П’еса Андрэя Цалко “Шэпт” сфарміравана з натуральных, пабочных “гукаў цішыні” – шолаху, шораху, шаптання, выбудоўваючы кампазіцыю на мяжы паміж гукавым вакуумам і адценнямі загасаючай, звыклай атмасферы латэнтнай адзіноты і задуменнасці.

П’еса кампазітара Яраслава Судзілоўскага “Караногі” раскрывае прычынна-выніковую сувязь паміж гукавой экспрэсіяй і цішынёй, што асядае пылам. Галасавыя прыёмы ствараюць уражанне кампазіцыйнай падпарадкавальнасці гукавых кантрастаў, утаймоўваючы гук і цішыню.

У творы Аляксея Пілатава “Палтэргейст” наўмысны, трывожны гук канцэнтруецца і выбудоўваецца з асобных, рытмічна звязаных “мазковых”, фанетычных элементаў, перарастае ў інварыянтную анты-цішыню.

Струнны квартэт № 1 Марыны Лукашэвіч. Кампазіцыя пабудавана на палатне з цішыні: тонкія, вытанчаныя і трывожныя гукі струнных, акуратныя, пунктуацыйныя фанемы, выкананыя прыёмам піцыката (ігра на смычковых інструментах шчыпковай тэхнікай), выстройваюцца водгукамі ў апавядальную лінію і знікаюць у “ціхай аснове”, саступаючы месца наступным элементам п’есы.

Усе п’есы канцэртнай праграмы “МолОта” для акцыі “Ноч музеяў–2015. “Ціхая” ноч” – суб’ектыўная інтэрпрэтацыя карэляцый цішыні і гуку. Застаецца выбраць найбольш сугучнае музычнае прачытанне свядомасці слухача.

“МолОт” – арганізацыя, створаная пры падтрымцы Саюза кампазітараў Расіі і Беларусі. Члены “МолОта” – студэнты і выпускнікі дзяржаўных кансерваторый краін СНД, магістры музыкі, маладыя даследчыкі-музыказнаўцы.

Прагучыць музыка:

Віктара Якімоўскага (Масква), Мікіты Розенберга (Мінск-Амстэрдам), Аляксея Пілатава (Мінск), Яраслава Судзілоўскага (Масква), Андрэя Цалко (Мінск), Эльміра Нізамава (Казань), Вікторыі Спарыш (Мінск), Марыны Лукашэвіч (Мінск), Дзмітрыя Рэмезава (Екацярынбург), Кацярыны Леўчанка (Гомель), Аляксандра Клімчанкі (Мінск).

Выконваюць музыканты маладзёжнага аркестра “YoungCamerata” ў складзе:

Аляксандра Качыцкая – скрыпка, Вольга Мшар – скрыпка, Ілья Белы – альт, Ганна Царова – віяланчэль, Аліна Станкевіч – флейта, Мікалай Мішчанка – кларнет, Анастасія Аляксейчык – фартэпіяна, Дзмітрый Клімовіч – бас, Канстанцін Гулай – баян, Міхаіл Марыніч – ударныя, Аляксандр Багамазаў – кантрабас.