Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Анатомія пачуццяў

16 мая 2015 года з 19:00 да 24:00 запрашаем мінчан і гасцей сталіцы прыняць удзел у штогадовай Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, якая адбудзецца ў гэтым годзе ў 11-ы раз. Тэмай арт-праекта “Ноч музеяў-2015” стане “Ціхая” ноч” пад дэвізам “У кожнага свая цішыня”.

Кожны дзень чалавек чэрпае пэўную долю інфармацыі з навакольнага яго свету. Гэтую інфармацыю можна пачуць, убачыць, адчуць. Усе атрыманыя нашым целам сігналы паступаюць у мозг і там апрацоўваюцца, даючы нам магчымасць атрымліваць паўнавартасную карцінку таго, што адбываецца з намі і вакол нас. Але часам чалавек не мае магчымасці выкарыстоўваць тую ці іншую крыніцу інфармацыі. У гэтым выпадку наш мозг – унікальная зверхмашына – дамалёўвае карцінку, выкарыстоўваючы даступныя крыніцы і свае ўласныя рэсурсы.

Нацыянальны мастацкі музей прапануе паэксперыментаваць з магчымасцямі чалавечага цела. У рамках акцыі “Ноч музеяў-2015” у экспазіцыі музея будзе адкрыта ўнікальная інтэрактыўная пляцоўка “Анатомія пачуццяў”, дзе кожны госць зможа пагуляць са сваімі адчуваннямі. У цішыні гэтай Ночы кожны жадаючы зможа прыслухацца да свету сваіх пачуццяў і даследаваць іх магчымасці. Лепшыя эксперты дапамогуць вам даведацца аб тактыльнасці на мове племя зулусаў, распазнаць густ кактуса, пачуць колер “бядра спалоханай німфы”, убачыць гукі космасу і сонца, адчуць водар падарожжаў і вандровак.

Хто ведае, магчыма, гэтай Ноччу ўдзельнікі праекта адкрыюць у сабе новыя ўнікальныя магчымасці, змогуць разбурыць існуючыя межы рэальнасці і зразумець схаваныя глыбока ў падсвядомасці механізмы пазнання навакольнага свету.