Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Выстава “Шантаж атракцыёнаў” ад кампаніі “Зубр Капітал”

17 мая 2014 года а 9-й гадзіне вечара ў рамках праекта “Ноч музеяў-2014. Лабірынты часу” ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь інвестыцыйная кампанія “Зубр Капітал” адкрые выставу твораў трох сучасных беларускіх мастакоў – Руслана Вашкевіча, Сяргея Грыневіча і Аляксандра Бельскага. Правакацыйная назва выставы – “Шантаж атракцыёнаў” – стане магчымасцю паразмаўляць аб спажыванні візуальных вобразаў у сучаснай культуры.

“Шантаж атракцыёнаў” – гэта не толькі гучная назва выставы, што ў пэўнай ступені правакуе гледача, але таксама спосаб акрэсліць праблему спажывання візуальных вобразаў, іх празмернасць і перасычанасць, як сімптаматычныя рысы нашай паўсядзённай практыкі.

Выстава “Шантаж атракцыёнаў” уяўляе сабой своеасаблівы рэверанс у бок рэжысёра Сяргея Эйзенштэйна, які ў 20-х гадах мінулага стагоддзя распрацаваў так званы мантаж атракцыёнаў. “Атракцыён, – як пісаў сам Сяргей Эйзенштэйн, – гэта любы агрэсіўны момант, разлічаны на эмацыйнае ўзрушэнне гледача”. Мантаж атракцыёнаў абвяшчаў відовішчнасць і эмацыйнае ўздзеянне візуальнага вобраза ў якасці дамінуючага элемента ў мастацтве. Сёння ж, праз амаль сто гадоў, відовішчнасць з авангарднага прыёму стала ўлюбёным прыёмам галівудскіх блокбастараў. Атракцыён стаў своеасаблівым мэйнстрымам, і візуальнае, як адзначаюць даследчыкі, стала не часткай паўсядзённасці, а самой паўсядзённасцю. І гэта становіцца падобным да шантажу, шантажу атракцыёнаў. Пытанне ў тым, хто каго шантажыруе. На гэтае пытанне і паспрабавалі адказаць арганізатары праекта.

У межах выставы будуць прадстаўлены працы трох сучасных беларускіх мастакоў: відэа-інсталяцыя “Happy End” Аляксандра Бельскага, прысвечаная вытворчасці візуальных вобразаў у зрэзе кінематографа; праца Руслана Вашкевіча “Выкінь гэта са сваёй галавы!”, якая адсылае да праблемы спажывання візуальных вобразаў, калі аб’ектам спажывання незаўважна для сябе становіцца сам глядач; і серыя работ Сяргея Грыневіча, якая дэманструе трансфармацыю разумення так званых “вечных тэм” пад уздзеяннем сучасных тэхналогій.

Выстава паказвае складаны працэс узаемадзеяння гледача і візуальнай культуры. “З аднаго боку, – адзначае куратар выставы Антаніна Серакова, – сёння мы ўсе акружаныя велізарнай колькасцю візуальнага матэрыялу – сацыяльныя сеткі, рэклама, серыялы, ТБ – вобразы праходзяць міма нас, вымушаюць пастаянна “напружваць” зрок. Візуальнага так шмат, што ад яго сёння проста няма куды дзецца, мы болей не здольныя запамінаць, мы – бязладна спажываем. Ні адзін вобраз не затрымліваецца надоўга. Гэта і ёсць шантаж – шантаж візуальнага, калі любы яго элемент становіцца спажываемым. З іншага боку, “распешчаныя” вялікай колькасцю візуальнага матэрыялу, гледачы патрабуюць усё новых і новых відовішчаў: карціна павінна быць усё больш яркай і эмацыйнай, чым раней. І гэта таксама шантаж, але шантаж, які ажжыццяўляе глядач у адносінах да візуальнага. Гэты складаны працэс, які часм нагадвае гульню “хто каго”, мы і хацелі адлюстраваць у межах дадзенага праекта”.

Выстава не дае гатовых рашэнняў, але прапануе зірнуць на праблему празмернасці візуальных вобразаў праз прызму сучаснага мастацтва.

Сардэчна запрашаем у парк атракцыёнаў!

 

Куратар выставыАнтаніна Серакова, брэнд-менеджэр кампаніі «Зубр Капітал».