Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Інтэрактыўная інсталяцыя на аснове работ Хаіма Суціна ў “Ноч музеяў”

17 мая ў межах “Ночы музеяў” у Нацыянальным мастацкім музеі пры генеральным партнёрстве кампаніі velcom з 21.00 да 02.00 любы жадаючы можа пазнаёміцца ​​з творчасцю нашага геніяльнага земляка мастака Хаіма Суціна. Інтэрактыўная інсталяцыі на аснове работ мастака была распрацавана сумесна з KYKY.ORG і архітэктурнай суполкай Monogroup. Сучасныя тэхналогіі ў музейнай прасторы дапамогуць гасцям увайсці літаральна ў тактыльны кантакт з жывапісам Хаіма Суціна.

У травеньскую “Ноч музеяў” унутры галоўнага музея краіны будзе пабудаваны часовы павільён, дзе глядач ненадоўга апынецца адзін на адзін з вобразамі, што хвалявалі мастака Хаіма Суціна на працягу ўсяго яго жыцця. Публіка пазнае ў гульнявой форме важныя вехі біяграфіі знакамітага земляка і атрымае невялікі падарунак.

Хаім Суцін (1893 - 1943 гг.) – адна з самых інтрыгуючых фігур мастацкага жыцця ХХ стагоддзя. Нягледзячы на намаганні гісторыкаў, яго біяграфія поўная белых плям, а сапраўдныя факты яго жыцця збіраюць літаральна па крупінках мастацтвазнаўцы і сваякі Суціна.

У той час як большасць мастакоў ХХ стагоддзя схіляліся да таго ці іншага стылю, ураджэнец маленькага беларускага мястэчка Смілавічы і прадстаўнік знакамітай Парыжскай школы Хаім Суцін заставаўся верным толькі сабе, дзякуючы чаму яго палотны ашаламляльна адрозніваюцца ад работ сучаснікаў. Больш за трыццаць гадоў ён пражыў у Парыжы, куды эміграваў з-за мастацкай смагі, канчаткова развітаўшыся з роднымі мясцінамі. У адрозненне ад земляка Марка Шагала, на палотнах Хаіма Суціна не ўбачыць лёгкараспазнавальных беларускіх пейзажаў ці жыццёвага ўкладу таго часу. Суціна цікавіў унутраны псіхалагізм і драматызм усяго жывога і нежывога па-за залежнасці ад месцазнаходжання: няхай гэта будзе чалавек, жывёла, расліна ці архітэктура. Ва ўсім ён шукаў адлюстраванне самога сябе: часта жывучы галодным і ў нястачы, ён маляваў у асноўным партрэты “маленькіх людзей”, забытых вялікім светам: гасцінічных пасыльных, камердынераў, кандытараў, царкоўных харыстаў, адзінокіх і няшчасных жанчын. Сваімі працамі Хаім Суцін спачуваў героям, малюючы апантанымі фактурнымі мазкамі, кожны раз быццам ранячы палатно.

Работы Хаіма Суціна каштуюць мільёны даляраў, па сваёй каштоўнасці яны не саступаюць творам Марка Шагала, Амядэа Мадзільяні, Пабла Пікаса, Клода Манэ, Ван Гога і іншых геніяў жывапісу, аднак у Беларусі масавы глядач толькі цяпер пачынае знаёміцца з сусветна вядомым земляком.

Гэта не першы раз, калі кампанія velcom выступае ініцыятарам цікавых з пункту гледжання тэхналогій праектаў у рамках “Ночы музеяў”. Да гэтага, у 2012 годзе, у Нацыянальным мастацкім музеі ў якасці галоўнай кропкі актывацыі стаў відэа-мапінг на тэму райскага саду.