Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

17 мая 2014 года з 21.00 да 5.00

Чистоту, простоту мы у древних берём,

Саги, сказки – из прошлого тащим, –

Потому, что добро остаётся добром

В прошлом, будущем и настоящем!  

Владимир Высоцкий

Баллада о времени. 1975

 

Ноч музеяў – міжнародная падзея, якая праходзіць штогод у краінах Еўропы і Амерыкі і прысвячаецца Міжнароднаму дню музеяў. Адзін раз у год амаль 2000 музеяў не спяць, адкрываючы свае дзверы для ўсіх, каму цікава ўбачыць “храм муз” у незвычайны час сутак. Музеі Мінска, вялікія і маленькія, традыцыйна адкрываюць дзверы для наведвальнікаў вечарам і ноччу і рыхтуюць спецыяльную праграму.

17 мая 2014 года з 21.00 да 2.00 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь запрашае мінчан і гасцей сталіцы прыняць удзел у акцыі Ноч музеяў, якая прысвечана тэме Лабірынты часу. Музей адкрыты да 5.00! 

Здаецца, усё проста: час ідзе сваім ходам, цячэ з МІНУЛАГА ў БУДУЧЫНЮ, (пры-)/(с-)пыняецца, каб стаць РЭЧАІСНАСЦЮ, праз імгненне ператвараецца ў мінулае і зноў імкнецца стаць будучыняй. Гэта бясконцая гульня, спроба ўлавіць час, мастацтва губляць час.

У гісторыі мастацтваў з дапамогай катэгорыі ПРАСТОРЫ і ЧАСУ класіфікаваліся віды мастацтва (вызначаныя адпаведна як прасторавыя і часавыя). Да прасторавых адносілі мастацтва, у якім не выяўляецца рух, – архітэктуру, скульптуру, жывапіс, графіку, у той час як музыка, пантаміма, балет, драма, розныя віды славеснага мастацтва адносіліся да часавых.

У музейнай прасторы ўяўленні пра час, межы часу ўмоўныя, размытыя. Мы блукаем у ЛАБІРЫНЦЕ эпох, стыляў, імёнаў, краін, у рэшце рэшт, залаў і нават паверхаў музейнай экспазіцыі. Лабірынт заключае ў сабе ідэі руху, таямніцы, ператварэнні. Мы можам апынуцца дзе захочам: перанесціся ў мінулае і адчуць сябе дзіцем, пафантазіраваць на тэму будучыні і ўявіць сябе мастаком, а можам паспрабаваць спыніць рэчаіснасць... Усё залежыць ад нашай фантазіі, нашых жаданняў і нашай памяці...

Лічыцца, што праходжанне лабірынта ў старажытнай культуры звязана з абрадам ініцыяцыі – пасвячэнне ў таямніцы Чалавека, Мастацтва, Гісторыі. Прайшоўшы лабірынт, ніхто не можа застацца ранейшым – здабытыя веды мяняюць чалавека. А правілы праходжання лабірынта простыя: ісці наперад, без спешкі, не аглядаючыся. Бо тых, хто спяшаецца прайсці праз лабірынт, сама спешка заблытвае, і яны ўсё больш прыкладаюць намаганняў і аддаляюцца ад мэты, – лічыў рымскі філосаф і паэт Сенека.

У раннім сярэдневякоўі лабірынт сімвалізаваў жыццё, яе нечаканыя перашкоды, падзеі і павароты. Чалавек павінен правільна выбраць дарогу: адно адгалінаванне вядзе да выратавання, іншыя – у “геену вогненную”.

У “Лабірынтах часу” Нацыянальнага мастацкага музея мы паспрабуем адысці ад лінейнага ўспрымання катэгорый часу і прасторы. Тут можна пачуць гучанне ЖЫВАПІСУ і ўбачыць ДЗЕЯННЕ У КАРЦІНЕ. Бо парадокс часу мае прысмак суб’ектыўнасці, паколькі ад нашага ўласнага ўспрымання сябе залежыць рэчаіснасць, у якой мы знаходзімся.

 

Акцыя ажыццяўляецца пры падтрымцы Генеральнага партнёра velcom і Афіцыйнага партнёра Замежнага ўнітарнага прадпрыемства “Брытыш-Амерыкан Табакка Трэйдынг Компані”.

 Афіцыйныя інфармацыйныя партнёры акцыі: ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал” (Агульнанацыянальнае тэлебачанне, АНТ) і “Радыё АНТ”, Інтэрнэт-партал TUT.BY і Нацыянальнае Прадстаўніцтва МТРК “МИР” у Рэспубліцы Беларусь.


Куратар акцыі “Ноч музеяў-2014. Лабірынты часу” – Дзіяна Шантар.