Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Беларуская ноч, ці музей у фантастычных апавяданнях

18 мая 2013 года Нацыянальны мастацкі музей зноў запрашае мінчан і гасцей сталіцы на акцыю “Беларуская ноч, ці музей у фантастычных апавяданнях”.

Успамінаючы папярэднія акцыі “Ноч музеяў”, мы з вамі да гэтага часу адчуваем востры водар “Усходняй ночы”, нам працягваюць сніцца рамантычныя сны “У французскім стылі”, мы весела і шчасліва адмянілі “Апакаліпсіс” ... Можа, у гэты раз азірнемся навокал і знойдзем нешта вельмі цікавае, трохі забытае і да гэтага часу не разгаданае ў нашых беларускіх традыцыях і добрых казках, і ў той жа час вернемся ў свет уласных фантазій і дзіцячых мар ...

Як пісаў Ян Баршчэўскі, “… пан Завальня, досыць заможны шляхтіч, яго сядзіба стаяла ў чароўнай мясціне. На поўнач паблізу жылля – Нешчарда, велізарнае возера накшталт марской затокі… Вясна там надзвычай прыгожая; па лугах разліваецца вада, і ў паветры над возерам і ў лясах гучаць галасы птушак, што вяртаюцца з выраю. Пан Завальня меў прыроджаную душу паэта і хоць сам не пісаў ні прозай, ні вершам, але кожнае апавяданне пра разбойнікаў, герояў, пра чары і цуды надзвычай яго займала… Калі хто прыязджаў да яго, маючы якую патрэбу, ён найласкавей яго прымаў, частаваў, абы толькі той расказваў яму якую казку…”.

Такім чынам, 18 мая мастацкі музей на адзін вечар ператворыцца ў гасцінны і таямнічы дом Шляхціца Завальні, у залах якога знойдуць прытулак шматлікія вандроўцы і ласкава падзеляцца сваімі фантастычнымі апавяданнямі. Гэтыя гісторыі, расказаныя на мудрагелістай і загадкавай мове мастацтва, вы зможаце пачуць, прачытаць, убачыць, адчуць, прадбачыць і нават стаць іх неад’емнай часткай. Вы апыніцеся ў свеце, дзе ўсё разумеецца літаральна, дзе метафара пазбаўляецца свайго пераноснага значэння, а каламбур такім ужо не адчуваецца, дзе парадокс аказваецца вынікам бездакорнай лагічнай пабудовы. Бо для сучаснага чалавека прорва паміж двума светамі – ідэальным і рэальным – непераадольная, і толькі фантазія і іронія, як вольныя гульні розуму, – прызма, праз якую рэчаіснасць бачыцца ў любым пажаданым вам пераламленні, здольная перакінуць мост з аднаго боку на іншы ...

Толькі ў гэтую ноч у вас будзе магчымасць адшукаць тую самую “папараць-кветку”, апетую беларускімі пісьменнікамі і паэтамі. Хто знойдзе запаветную кветку, той зможа зразумець мову мастацтва, яму адкрыюцца месцы схаваных скарбаў і многія іншыя музейныя таямніцы.

Бясплатна наведаць таямнічы дом Шляхціца Завальні змогуць наведвальнікі ў фантастычным абутку – каб пайсці туды, не ведаю куды, і чароўных акулярах – каб убачыць тое, не ведаю што.