Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

у рамках Ночы музеяў-2013

У рамках праекта “Ноч музеяў–2013. Беларуская ноч, або музей у фантастычных апавяданнях” 18 мая Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прэзентуе наступныя выставы:

“Начны візіт” Валерыя Славука, “Беларусь у абдымках зорак” Віктара Малышчыца, “Беларусь сінявокая” і аднайменны фотаальбом вядомага беларускага фотамастака Дзяніса Раманюка.

Кошт білета для дарослых – 50 тыс. бел. рублёў, для навучэнцаў – 25 тыс. бел. рублёў.

 “Беларусь у абдымках зорак”

“Часам дастаткова хаця б раз убачыць сапраўднае зорнае неба, каб назаўсёды палюбіць яго. А часам дастаткова проста аднойчы ўбачыць сваю краіну пад зорным небам, каб яшчэ больш закахацца ў яе. Крыштальная роўнядзь Браслаўскіх азёраў, рэдкая для Беларусі зява палярнае ззянне над Вілейскім вадасховішчам, узыход Месяца, Венеры і Юпітэра над касцёлам у Слабодцы (Браслаўскі раён), нябесны госць яркі метэор, які перасякае Млечны Шлях над асеннім полем Мядзельскага раёна, Млечны Шлях між старых дубоў і над мурамі старых храмаў і замкаў… Менавіта ў нашых краях можна гуляць пад слабым святлом кароткіх летніх начэй, любавацца яркімі зімовымі зоркамі, назіраць рэдкія зявы – серабрыстыя аблокі і нават палярныя ззянні.

Віктар Малышчыц

 Для маладога фатографа і астранома Віктара Малышчыца, аўтара роліка “БЕЛАРУСЬ: у абдымках зорак”, які сваім з’яўленнем “узарваў” прастору “BY”-нета (толькі за першыя два дні яго работу паглядзела каля 40 тысяч чалавек), адной з мэт у жыцці з’яўляецца неабходнасць паказаць людзям прыгажосць нашай краіны з незвычайнага ракурсу.

На гэтай выстаўцы Беларусь – на фоне Космасу, пад бяскрайнім начным небам, у абдымках зорак.

Упершыню выстаўка Віктара Малышчыца была прадэманстравана ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і набыла вялікую папулярнасць сярод наведвальнікаў, вынікам чаго стаў неаднаразовы працяг выстаўкі.

Віктар Малышчыц нарадзіўся ў 1985 г. у г. Рыга (Латвія). З 1992 года пастаянна жыве ў Беларусі. У 2007 годзе скончыў фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працуе выкладчыкам астраноміі ў БДУ і гімназіі № 29 г. Мінска. З 2009 года яго прафесіяй стала і фатаграфія.

 Каміла Янушкевіч,

навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела

Музея сучаснага выяўленчага мастацтва