Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

“Ноч музеяў-2011: Прастора Жанчыны”

14 мая 2011 года

Міжнародная акцыя “Ноч музеяў”

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь заяўляе ўдзел у акцыі з тэмай “Ноч музеяў-2011: Прастора Жанчыны”.

У кантэксце акцыі пачнуць работу тры мастацкія выстаўкі, якія адпавядаюць тэме і канцэпцыі акцыі. Гэта:

– выстаўка графікі Ню “…И прелести твоей секрет разгадке жизни равносилен”, у экспазіцыі якой зоймуць месца творы Сяргея Цімохава, Аляксандра Шапо, Андрэя Асташова і Андрэя Басалыгі;

– фотавыстаўка твораў Андрэя Шчукіна і Дзяніса Нядзельскага “Копія ўяўнай рэчаіснасці”;

– выстаўка скульптуры “ТРОГАТелЬная” выстаўка”, на якой будуць прадстаўлены творы сучасных беларускіх скульптараў: Алега Варвашэні, Андрэя Вараб’ёва, Аляксандра Мінькова, Дзмітрыя Аганава, Сяргея Аганава, Андрэя Асташова, Канстанціна Селіханава, Валянціна Борздага, Ігара Засімовіча, Аляксандра Шапо і іншых. Выстаўка бачыцца як сінтэз зроку і дотыку, які пашырае межы ўяўлення пра сучасны музей, у якім звычайна любы дотык публікі да экспанатаў строга забаронены.

На час акцыі – толькі адзін вечар – залы музея ператворацца ў асаблівую крэатыўную прастору: “Прастору Жанчыны”. Яе складуць арт-кропкі, якія раскрываюць асобныя грані вобраза Жанчыны, занатаванага ў творах сусветнай літаратуры і мастацтва. Прастора “Поры года” размесціцца на галерэі музея, прастора “Музы” – у сяродкрыжжы, прастора “Прынцэсы” разгорнецца ў экспазіцыі гістарычных партрэтаў Беларусі, “Ідала” – у экспазіцыі рускага мастацтва мяжы XIX–XX стагоддзяў. У прастору “Жаночага Інтэлекту” пераўтворыцца раздзел рускага мастацтва XVIII стагоддзя, а “Жаночых Забабонаў” – зала рускага мастацтва другой паловы XIX стагоддзя. Прасторы “Жаночых Сакрэтаў” і “Страсцей” будуць сфарміраваны ў экспазіцыі беларускага сучаснага мастацтва, а “Жаночых Капрызаў” – у зале мастацтва краін Усходу.

У VIP-залах (канферэнц-зала і экспазіцыя твораў мастацтва Беларусі XIX стагоддзя), уваход у якія будзе здзяйсняцца толькі па спецыяльных білетах, размесціцца “Прастора Без Не”. Усе арт-кропкі будуць працаваць на працягу акцыі ў рэжыме non-stop.

Акцэнтамі праграмы стануць эксклюзіўныя музейныя забавы: публічныя лекцыі-кансультацыі “Эвалюцыя эталона жаночай прыгажосці на працягу стагоддзяў” ад мастацтвазнаўцаў музея (з уручэннем спецыяльных сертыфікатаў слухачам), правядзенне інтэрактыўнай выстаўкі адной ночы “Поры года”.

Знешняя кропка – пляцоўка перад будынкам музея – прадставіць жывы канцэрт беларускіх груп, конкурсы і розыгрышы на музейную тэматыку, узнагарода самых крэатыўных наведвальнікаў, уручэнне спецыяльных прызоў валанцёрскім групам і інш.

 

Праект “Ноч музеяў-2011: Прастора Жанчыны” будзе здзейснены пры падтрымцы:

-                         Генеральнага партнёра музея – ІПП “Брытыш-Амерыкан Табака Трэйдынг Компані”;

-                         Генеральнага партнёра акцыі “Ноч музеяў-2011 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь” ЗАТ “БелСвісБанк”;

-                         партнёраў акцыі “Ноч музеяў-2011”: мебельны магазiн «DOĞTAŞ», ЗАТ “Даная” (афіцыйны дыстрыб’ютар Yves Rocher у Беларусі), ТАА “Кінакампанія Грын-студыя”.

 

Афіцыйны інфармацыйны партнёр акцыі: радыёстанцыя «Новае радыё» 98,4 FM.

 

УВАГА!

Права на бясплатны ўваход у музей (акрамя VIP-залаў) атрымаюць дзяўчаты і жанчыны, апранутыя ў «маленькую чорную сукенку» а-ля Како Шанэль, капялюшык з вэлюмам і туфлі “на шпільцы”.

 

Падчас акцыі «Ноч музеяў» уваход на «ТРОГАТелЬную» выстаўку» будзе ажыццяўляцца выключна па спецыяльных VIP-білетах, колькасць якіх строга абмежавана.

 

Продаж білетаў на наведванне акцыі пачнецца з 6 мая 2011 г.

Кошт білета – 10 000 руб., VIP-білета – 45 000 руб.

Для кліентаў ЗАТ “БелСвісБанк” кошт білетаў адпаведна 5 000 руб., VIP-билета – 20 000 руб.

Колькасць VIP-білетаў строга абмежавана.

 

Куратары акцыі:

Ірына Скварцова, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ

Захар Дудзінскі, загадчык сектара арганізацыйна-масавай работы аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ

Тэл. 227-45-62

 

Сцэнарны план акцыі

«Ноч музеяў-2011: Прастора Жанчыны»

 

Знешняя пляцоўка

18.45 – урачыстае адкрыццё акцыі

18.50 – 22.45 – выступленні музычных груп

Музейныя экспазіцыі

19.30 – 23.50 – працуюць усе арт-кропкі ў залах музея

19.30 – адкрыццё фотавыстаўкі «Копія ўяўнай рэальнасці»

З 19.30 – працуе інтэрактыўная выстаўка «Поры года» (галерэя музея)

20.00, 21.00, 22.00, 23.00 – сеансы работы VIP-залаў.

19.30, 21.00, 22.30 – публічныя лекцыі-кансультацыі «Эвалюцыя эталона жаночай прыгажосці на працягу стагоддзяў».

22.00, 23.00 – тэатр ценяў «Прастора Жаночых Страхаў».