Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Лекцыі ў рамках тыдня італьянскай мовы ў свеце – “Італьянская на сцэне”

У рамках тыдня італьянскай мовы ў свеце – “Італьянская на сцэне” – сумесна з Пасольствам Італіі ў Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе цыкл аўтарскіх лекцый, прысвечаных італьянскаму Адраджэнню. Той эпосе, што абвясціла вяртанне да “залатога веку”, да антычнасці.

На лекцыях ад вядучага навуковага супрацоўніка музея Алены Дзмітрыеўны Шапашнікавай вы даведаецеся пра мастацтва Протарэнесансу, прасачыўшы шлях развіцця да Высокага Адраджэння.

Пагаворым пра рэфарматара ў жывапісе Джота ды Бандонэ, які ў сваіх працах дасягнуў незвычайнай сілы ў перадачы чалавечых пачуццяў. Згадаем Мазачыа, што ўмела перадае глыбіню прасторы, і вытанчанага Алясандра ды Марыяна ды Філіпепі, вядомага ва ўсім свеце як Сандра Батычэлі. Разгледзім помнікі архітэктуры, якія дзівяць ураўнаважанасцю і логікай прапорцый. Закранем вобразы скульптуры ранняга Адраджэння ў творчасці знакамітага і вядомага Данатэла.

Больш падрабязна пагаворым аб адной з галоўных італьянскіх жывапісных школ – Венецыянскай. У XV–XVI стагоддзях багатая і незалежная Венецыя дэманстравала яркую індывідуальнасць і была адным з вядучых цэнтраў італьянскай культуры.

Не абыдзем увагай і вялікіх майстроў Высокага Адраджэння – перыяду, калі сканцэнтраваннем мастацкага жыцця Італіі пачатку XVI стагоддзя становіцца Рым. Пагаворым пра такіх “тытанаў”, як Рафаэль Санці і Мікеланджэла Буанароці. І, вядома ж, разгледзім спадчыну не толькі вялікага жывапісца, але і вучонага Леанарда да Вінчы.

ПРАГРАМА:

28 кастрычніка а 17-й гадзіне – ранне Італьянскае Адраджэнне

29 кастрычніка а 17-й гадзіне – Творчасць Рафаэля Санці

31 кастрычніка а 17-й гадзіне – Творчасць Мікеланджэла Буанароці

1 лістапада а 17-й гадзіне – Венецыянскае Адраджэнне

2 лістапада а 15-й гадзіне – Лекцыя пра творчасць Леанарда да Вінчы і прагляд фільма “Я, Леанарда”

3 лістапада а 15-й гадзіне – Лекцыя пра творчасць Леанарда да Вінчы і прагляд фільма “Я, Леанарда”

Лекцыі чытае вядучы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Алена Дзмітрыеўна Шапашнікава

* Па буднях (у дні правядзення лекцый) запрашаем да больш камернага прагляду фільма “Я, Леанарда”, які будзе транслявацца ў прасторы музея на пастаяннай аснове.

Уваход на мерапрыемства па ўваходным білеце ў музей.