Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

16.12.2018 - 27.01.2019

Мы пачынаем новы лекцыйны цыкл у рамках выставачнага праекта “Сучаснікі ХХ. Стагоддзе беларускага партрэта”.

На гэты раз цыкл будзе прысвечаны эвалюцыі развіцця ў ХХ стагоддзі аднаго з самых загадкавых і цікавых жанраў на працягу ўсёй гісторыі мастацтваў – партрэта.

Перад пачаткам кожнай лекцыі вы зможаце праслухаць 15-хвіліннае "Апавяданне аб адным з партрэтаў выставы". 

Уваход на мерапрыемства па білеце ў музей.

 Праграма лекторія:

  • 16 cнежня ў 16.00 - "Пошукі нацыянальнага вобраза. Беларускі партрэт 19201930-х гадоў". Чытае Вольга Архіпава, мастацтвазнаўца, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

1920-я гады ў беларускай культуры адзначаны вялікай цікавасцю да «мясцовага каларыту» – нацыянальных традыцый і народнага мастацтва. Гэта быў перыяд нацыянальнага адраджэння, асэнсавання ўласнай гісторыі, калі многія мастакі імкнуліся расшыфраваць самабытныя традыцыі мінулага, "разгаварыць" нацыянальную культуру, пачаць весці з ёй плённы дыялог у межах прафесійнай жывапіснай традыцыі. Як адчуванне часу змяняе падыходы і манеры мастакоў да адлюстравання чалавека? Які ён нацыянальны тыпаж? І ці можна гаварыць пра з'яву «беларускага партрэта» ў мастацтве 1920–1930-х гг.?

Пра ўсё пра гэта вы даведаецеся на лекцыі.

  • 23 снежня ў 16.00 - "Сталін у беларускім выяўленчым мастацтве". Чытае Аляксандр Гужалоўскі, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На працягу чвэрці стагоддзя – з 1929 па 1953 год – вобраз Сталіна займаў цэнтральнае месца ў савецкім выяўленчым мастацтве. Помнікі правадыру, «бацьку народаў», генералісімусу ўпрыгожвалі плошчы, паркі і скверы вялікіх і маленькіх гарадоў СССР і краін сацыялістычнага лагера, партрэты і жанравыя сцэны з выявай Сталіна год за годам папаўнялі калекцыі музеяў. Выяўленчая Сталініяна стала яркім прыкладам міфалагізацыі асобы ў мастацтве. Пра тое, як ствараўся сталінскі выяўленчы міф у беларускім мастацтве, раскажуць палотны А. Шыбнёва, В. Волкава, І. Ахрэмчыка, А. Мазалёва, І. Давідовіча. Сёння, калі дым легенд яшчэ не развеяны і міф пра Сталіна яшчэ не памёр, але многіх сведчанняў эпохі ўжо не існуе, калі з постмадэрнісцкай іроніяй сучасныя мастакі пераасэнсоўваюць творы савецкага часу, у нас ёсць магчымасць гсітарызаваць сталінскую эпоху ў беларускім мастацтве, падвергнуць яе рэфлексіі і, вядома, сфарміраваць пра яе сваё ўласнае меркаванне.

  • 13 студзеня ў 16.00 - "Гэта я! Самапрэзентацыя мастака перад тварам вечнасці ў беларускім аўтапартрэце ХХ стагоддзя". Чытае Надзея Усава, мастацтвазнаўца, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Аўтапартрэт – адзін з найбольш загадкавых жанраў у мастацтве. Чаму адзін мастак без стомы ўсё жыццё піша сябе, як, напрыклад, найстарэйшы мінскі нонканфарміст Віталь Чарнабрысаў, а другі напіша сябе ад сілы 2–3 разы за ўсё сваё творчае жыццё? Пры ўсім тыпалагічным абмежаванні «чалавека ў раме» аўтапартрэты ў мастацтве Беларусі – жанр найбольш свабодны: ёсць амаль хуліганскія карнавальныя аўтапартрэты, ёсць партрэты-адлюстраванні дэпрэсіі і іпахондрыі, ёсць філасофска-фундаментальныя з музай або Смерцю, ёсць камерна-дамашнія – з жонкай, дзецьмі, любімымі жывёламі.

Што такое аўтапартрэт для мастака: споведзь, самапрэзентацыя, самарэфлексія, нарцысізм, элемент гульні з гледачом? Аб некаторых тонкасцях аўтапартрэтаў беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя – як найцікавейшага падтыпу аднаго са старэйшых жанраў – вы даведаецеся на лекцыі.

  • 20 студзеня ў 16.00 - "Скрозь ХХ стагоддзе. Беларускі скульптурны партрэт ад Малевіча да Варвашэні". Чытае Павел Вайніцкі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры «Дызайн архітэктурнага асяроддзя» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

ХХ стагоддзе – адзін з самых, складаных і шмат у чым супярэчлівых перыядаў у развіцці мастацтва. Хуткая змена творчых праграм, стылявых арыенціраў стварыла поліфанічную і насычаную карціну развіцця скульптуры гэтага стагоддзя. На жаль, прадставіць цэласную панараму гэтага віду мастацтва ў рамках выставачнага не ўяўляецца магчымым. Многія «праграмныя творы» страчаны назаўжды, а ў шэрага мастакоў ў гісторыі беларускага мастацтва засталіся толькі імёны. Задача дадзенай лекцыі – узнавіць агульную карціну развіцця беларускай скульптуры разглядаемага перыяду ў сукупнасці эксперыментальных пошукаў і класічных традыцый. Аўтар раскрые індывідуальнасць творчых асаблівасцей такіх майстроў беларускай скульптуры XX стагоддзя, як Д. Якерсон, А. Грубэ, М. Айзенштат, А. Глебаў, С. Селіханаў, А. Анікейчык, С. Вакар і многіх іншых.

  • 27 студзеня ў 16.00 - "Партрэт «адкрытага» фармату. Эпоха перабудовы і галоснасці. 1980–1990-я". Чытае Кацярына Ізафатава, куратар выставы, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Канец 1980–1990-х гадоў – адна з яркіх старонак у гісторыі беларускага мастацтва. Гэта час кардынальных мастацка-эстэтычных змен: падзелу на «афіцыйны» і «неафіцыйны» полюсы мастацкай культуры, змены адзінай канцэпцыі сацыялістычнага рэалізму разнастайнасцю мастацкіх ідэй, напрамкаў і плыняў. Усё гэта, безумоўна, адбілася на эвалюцыі жанру партрэта. Абвостраная адчувальнасць, уласцівая эпосе змен, перадалася ва ўзмацненні псіхалагічнага пачатку, сімвалічнай змястоўнасці, метафарычнай іншасказальнасці. Гратэск і іронія, сумненні і трывогі, адмова ад падабенства з мадэллю і шырокая асацыятыўнасць мыслення, душэўная боль і адчужанасць – такая карціна пошуку вобраза чалавека. Які “твар" сучасніка канца ХХ стагоддзя? Якія “межы” жанру партрэта ў мастацтве гэтага перыяду? Гэтыя і іншыя пытанні будуць разгледжаны на лекцыі.