Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Конкурс уваходнага квітка 2011

ПАЛАЖЭННЕ АБ АДКРЫТЫМ КОНКУРСЕ 

«УВАХОДНЫ БІЛЕТ

У НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ-2011»

 

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Генеральнага партнёра Замежнага прыватнага прадпрыемства «Брытыш-Амерыкан Табакка Трэйдынг Компані» праводзіць адкрыты публічны конкурс «Уваходны білет у Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь».

Удзельнікі конкурсу: дызайнеры, мастакі, студэнты, усё жадаючыя, якія дасягнулі 18 гадоў.

Тэрмін і месца падачы конкурсных работ: з 7 сакавіка па 17 красавіка 2011 года па адрасу: вул. Леніна, 20, пак. 5, малодшаму навуковаму супрацоўніку Карнейка А.А.

Форма і парадак падачы: арганізатару прадстаўляецца раздрукаваны ў колеры праект білета на папяровым носьбіце і электронная версія праекта ў фарматах на выбар PSD, CDR, AI, а таксама JPG.

Названыя матэрыялы падаюцца асабіста ўдзельнікам у запячатаным канверце, на якім указана назва конкурсу. Удзельнікам павінна быць запоўнена і перададзена арганізатару анкета, дзе ўказваюцца, у прыватнасці, пашпартныя даныя, поўны адрас месца жыхарства (працы), кантактны тэлефон, электронны адрас.

Праекты ўдзельнікаў конкурсу будуць размешчаны на сайце музея: www.artmuseum.by.

Крытэрыі ацэнкі прац:

  • арыгінальнасць і навізна;
  • мастацкая каштоўнасць;
  • адпаведнасць мэтам, названым у конкурсе;
  • адпаведнасць маральна-этычным нормам.

Тэхнічныя патрабаванні да дызайну білета:

Уваходны білет у Нацыянальны мастацкі музей павінен з’яўляцца творам малой графікі, які ўключае ў сябе вобразную і інфармацыйную часткі. Вонкавы бок білета павінен ствараць запамінальны лаканічны вобраз музея (дапускаюцца фатаграфічныя і графічныя выявы будынка, яго інтэр’ераў, твораў з пастаяннай экспазіцыі музея і інш.) з поўнай назвай музея – шрыфтавой кампазіцыяй «Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь» (або яго лагатыпам) на беларускай і англійскай мовах і лагатыпам Генеральнага партнёра музея Замежнага прыватнага прадпрыемства «Брытыш-Амерыкан Табакка Трэйдынг Компані». Таксама вонкавы бок павінен утрымліваць інфармацыю пра час працы музея, кантактныя тэлефоны, адрас.

Лагатып Замежнага прыватнага прадпрыемства «Брытыш-Амерыкан Табакка Трэйдынг Компані» размешчаны на сайце музея www.artmuseum.by.

Памер білета: 70 х 140 мм з паласой кантролю (слова «кантроль» павінна быць зазначана на беларускай і англійскай мовах) справа (лінія перфарацыі абавязковая) шырынёй 20 мм.

Адваротны бок білета павінен утрымліваць інфармацыю пра філіялы музея з указаннем іх адрасоў і кантактных тэлефонаў.

 ВОНКАВЫ БОК БІЛЕТА:

Абавязковыя надпісы:

 

НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

NATIONAL ART MUSEUM OF THE REPUBLIC OF BELARUS

Мінск, вул. Леніна, 20. Працуе з 11.00 да 19.00, акрамя аўторка

Minsk, Lenin str., 20. Open from 11.00 to 19.00, except Tuesday

Тэл./ Tel.: 227 71 63, 227 45 62

www.artmuseum.by

e-mail: nmmrb@bk.ru

 

Па лініі перфарацыі:

КАНТРОЛЬ

CONTROL

АДВАРОТНЫ БОК БІЛЕТА:

Абавязковыя надпісы:

 

Філіялы:

Музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX ст.»

220030, г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33А

тэл. (8 017) 227 88 78

 

Музей беларускага народнага мастацтва

223054, Мінская вобл., Мінскі р-н, п/а Астрашыцкі Гарадок, с/к «Раўбічы»

тэл. (8 017) 507 44 68

 

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

212030, г. Магілёў, вул. Ленінская, 37

тэл. (8 0222) 22 48 87

 

Па лініі перфарацыі:

КАНТРОЛЬ

CONTROL

Уся зменная частка інфармацыі будзе ўводзіцца на камп’ютары касавага апарата дыспетчарам музея чорным шрыфтам, таму адваротны бок білета павінен быць больш светлым за вонкавы.

Прызы і парадак ацэнкі вынікаў работы:

Арганізатар устанаўлівае два прызы: Галоўны прыз і Прыз глядацкіх сімпатый.

Галоўны прыз: 2 мільёны беларускіх рублёў. Ацэнка работ адбудзецца ў перыяд з 18 па 21 красавіка 2011 г. Пераможцу на Галоўны прыз вызначаюць члены журы, якія індывідуальна ацэньваюць кожную з работ па дзесяцібальной сістэме. Пераможцам прызнаецца ўдзельнік конкурсу, работа якога набрала найбольшую колькасць балаў. У тым выпадку, калі найбольшая колькасць балаў будзе адначасова набрана некалькімі ўдзельнікамі, пераможцу з іх вызначае журы шляхам адкрытага галасавання простай большасцю галасоў. Пры роўнасці галасоў вырашальным з’яўляецца голас старшыні.

Прыз глядацкіх сімпатый: 1 мільён беларускіх рублёў. З 18 па 21 красавіка 2011 г . у НММ РБ па адрасу: вул. Леніна, 20 будуць дэманстравацца работы ўсіх удзельнікаў конкурсу на спецыяльнай выстаўцы. Кожны наведвальнік выстаўкі мае права прыняць удзел у галасаванні на прыз глядацкіх сімпатый. Для гэтага наведвальнік выстаўкі павінен апусціць у спецыяльна прызначаную для гэтага скрыню чэк – дадатак да ўваходнага білета з нумарам работы, якая яму больш за ўсё спадабалася. 22 красавіка 2011 г. адбудзецца падлік галасоў у падтрымку кожнай з работ. Пераможцам прызнаецца ўдзельнік, які набраў найбольшую колькасць галасоў. Калі некалькі ўдзельнікаў атрымалі аднолькавую найбольшую колькасць галасоў, то прыз у роўнай меры дзеліцца на кожнага з іх.

Тэрміны і парадак абявы вынікаў конкурсу:

22 красавіка 2011 г. а 17-й гадзіне ў памяшканні музея адбудзецца прэс-канферэнцыя, на якой журы аб’явіць аб выніках конкурсу. На прэс-канферэнцыі маюць права прысутнічаць як удзельнікі конкурсу, так і іншыя асобы, у тым ліку прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Пераможцам таксама паведамляюць пра вынікі конкурсу асабіста прадстаўнікамі арганізатара.

Парадак выдачы прызоў: 

Прызы выплачваются арганізатарам конкурсу пасродкам пераводу на бягучы рахунак пераможцы.

Дадатковыя ўмовы конкурсу: 

  • Працы, не удастоеныя ўзнагароды, удзельнікам конкурсу не вяртаюцца.
  • Галоўны прыз уручаецца пераможцу толькі пры ўмове падпісання ім дамовы аб бязвыплатнай перадачы ўсіх неабходных аўтарскіх правоў на вынік работы (твор) для яго выкарыстання па ўказаным прызначэнні.
  • Прафесійная падрыхтоўка файла да друку афсетным спосабам цалкам ускладаецца на пераможцу конкурсу.
  • Білет абранага дызайну будзе дзейнічаць 1 год.
  • На час конкурсу яго ўдзельнікам дазволена бясплатнае фатаграфаванне інтэр’ераў музея і карцін пастаяннай экспазіцыі.

 

Журы конкурсу: 

Пракапцоў Уладзімір Іванавіч, кандыдат мастацтвазнаўства, Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, старшыня журы

Буры Сяргей Мікалаевіч, начальнік аддзела па карпаратыўных сувязях Замежнага прыватнага прадпрыемства «Брытыш-Амерыкан Табакка Трэйдынг Компані»

Баразна Міхаіл Рыгоравіч, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, рэктар Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў

Скварцова Ірына Мікалаеўна, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Сурскі Дзмітрый Алегавіч, старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускага саюза дызайнераў»

Талбузін Леў Іванавіч, дацэнт кафедры прамысловага дызайну факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў

Усава Надзея Міхайлаўна, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Чарнышоў Алег Віктаравіч, кандыдат філасофскіх навук, прафесар кафедры дызайну гуманітарнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Яніцкая Паліна Аляксандраўна, загадчык сектара мультымедыйных тэхналогій Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь