Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Фотасправаздача. Інклюзіўныя выязныя семінары ў Гомелі і Мазыры

24–25 красавіка 2019 года ў Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі ў Гомелі і РЦ “Спадарожнік” у Мазыры прайшоў семінар “Інклюзіўныя творчыя практыкі – міжнародны вопыт, развіццё і перспектывы”.

Семінар адбыўся пры ўдзеле каардынатара праектаў міжнароднай культурнай арганізацыі ShareMusic & Performing Arts Н. Петэрсан (Швецыя); куратараў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Н. Сяліцкай, Д. Салодкага, Н. Усавай; загадчыка Музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі С. Строгінай; сакіраўніка канцэнтрацыі “Сучаснае мастацтва і Тэатр” ECLAB, мастацкага кіраўніка і рэжысёра Лабараторыі сацыяльнага тэатра ECLAB В. Мароз; старшыні гомельскай гарадской арганізацыі ГА “БелАДДІіМІ” Н. Семяняка; мастака, настаўніка выяўленчага мастацтва ў Гомельскай мастацкай школе і ў сярэдняй школе для людзей з абмежаваннем слыху А. Пакацілы. Мерапрыемствы былі арганізаваны ShareMusic & Performing Arts, гомельскай і мазырскай арганізацыямі “БелАДДІіМІ”, а таксама Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Была падрыхтавана насычаная праграма па абмене вопытам работы ў галіне інклюзіўнай творчасці. Пачутае і ўбачанае выклікала ў прысутных (а іх было нямала – каля 90 чалавек) непадробную цікавасць і пасля спарадзіла шмат новых думак і ідэй.

Надзея Усава, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, падзялілася вопытам правядзення музейных паказаў, распавяла, наколькі гарманічна і творча паспяхова можа выглядаць музейны перфоманс як форма інклюзіўнай камунікацыі, як мастацтва здымае ўсе межы, ствараючы ідэальныя ўмовы для безбар’ернага асяроддзя.

Наталля Сяліцкая, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, прадэманстравала фільм пра тое, што выяўленчае мастацтва можа быць даступна для людзей са слабым зрокам і нават невідушчых людзей. Пацвярджэнне таму – выстава тактыльных карцін “І адчуваючы, бачыць...” вядомага беларускага мастака Васіля Зянько, якая праходзіць зараз у сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Зусім ужо нечакана прагучала сцвярджэнне ад Дзмітрыя Салодкага, старшага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага мастацкага музея, пра тое, што творы мастацтва часам адкрываюцца дзякуючы парадаксальным метадам, якія ламаюць звыклыя стэрэатыпы, напрыклад, у дынаміку і свежым успрыманні людзей з асаблівымі патрэбамі. Зыходзіць ад чалавека і яго асаблівасцяў, зняць бар’еры, у тым ліку і ў розумах наведвальнікаў, – задача інклюзіўных праграм. Таму часам лепш абраць незвычайны вугал агляду: напрыклад, легчы на падлогу і паглядзець на карціну з іншага ракурсу або выкарыстоўваць ліхтарык і глядзець яе фрагменты ў цемры, або пранікнуць у карціну з дапамогай спецыяльнай камп’ютарнай праграмы. Але гэта толькі толькі адзін з новых гуманітарных падыходаў культурна-адукацыйных методык, што рэалізуюцца ў мастацкім музеі.

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве – філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – таксама паспяхова апрабаваў адну з перфарматыўных практык з удзелам людзей з асаблівымі патрэбамі. На семінары выступіла загадчык музея Святлана Строгіна, якая расказала, як яны сумесна з ShareMusic & Performing Arts змаглі самастойна стварыць, запісаць і прымяніць звыклыя і даволі паўсядзённыя гукі, каб “агучыць” вядомыя карціны, якія знаходзяцца ў музеі.

Пасля семінара ўсе ўдзельнікі мелі магчымасць задаць пытанні і абмеркаваць далейшыя творчыя планы. Па заканчэнні госці, якія прыехалі выступіць на семінары, наведалі прыватную дзіцячую студыю-майстэрню “Кола” і былі ўражаны атмасферай і якасцю работы маладых крэатыўных педагогаў і талентам мазырскіх дзяцей.