Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Інклюзіўныя фестывалі ў прасторы музея

Дабрата рэч дзіўная. Яна збліжае людзей, як нішто іншае, яна тая мова, на якой з вамі кожны захоча размаўляць. Дабрата пазбаўляе нас ад адзіноты, душэўных ран і няпрошаных крыўд. Мы больш набудзем, чым аддадзім, калі будзем часцей успамінаць пра тое, што чалавек становіцца чалавекам толькі дзякуючы іншаму чалавеку.

В. Розаў

 

У 1992 г. Генеральная Асамблея ААН абвясціла 3 снежня Міжнародным днём інвалідаў.

На жаль, у жыцці так ужо складаецца, што разам са здаровымі людзьмі ў кожнай краіне ёсць і інваліды з дзяцінства або ў выніку перанесеных хвароб і траўм. Наша краіна не выключэнне. І нават больш за тое: інвалідаў у нас нямала.

Дзяржава клапоціцца пра іх, ствараючы розныя таварыствы, навучаючы іх па спецыяльных методыках, прыцягвае да працы, выпускае для іх спецыяльную літаратуру. Сярод людзей з інваліднасцю правозяцца конкурсы, спаборніцтвы, сустрэчы. Многія з іх – па-сапраўднаму таленавітыя людзі. І, вядома ж, усе яны – паўнавартасныя члены грамадства.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь на працягу 2015–2018 гг. паспяхова супрацоўнічае з ДУА “ЦДАДіМ “Ветразь” г. Мінска” пры падтрымцы грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” (ГА “БелАДДІіМІ”).

3 снежня 2015 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пад дэвізам “Тэрыторыя мастацтва – Тэрыторыя роўнасці” прайшоў першы інклюзіўны фестываль дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Асаблівы сусвет”, сродкамі мастацтва накіраваны на дапамогу людзям з інваліднасцю. Падобныя мерапрыемствы сталі добрай дабрачыннай традыцыяй музея.

У кастрычніку 2016 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь прайшоў другі інклюзіўны фестываль “АДНОлькаВЫ_Я”.

У 2017 г. адбыўся культурны праект “Інклюзіўны музей: натхняючы адзін аднаго...”

Задачай такіх сумесных культурных праектаў з’яўляецца зніжэнне сацыяльных і камунікацыйных бар’ераў паміж людзьмі з інваліднасцю і без. Узрост удзельнікаў – ад 6 гадоў да 31 года, колькасць дасягае 50-80 чалавек. Штогадовыя інклюзіўныя фестывалі падымаюць значнасць творчасці дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю для культурнага развіцця Беларусі, а таксама прадастаўляюць ім шанц выказаць свой унутраны свет на мове творчасці, рэалізаваць здольнасці і прадэманстраваць свае таленты нароўні з іншымі дзецьмі ў прасторы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Фестывалі музея шырока асвятляліся прэсай. Фотарэпартажы з лепшымі выступленнямі і працамі былі апублікаваны на сайце музея.

У рамках свят былі арганізаваны выставы творчых работ, правядзенне майстар-класаў, канцэрт інклюзіўных калектываў, сфарміраваных з ліку навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах – ЦДАДіМ “Ветразь” і Цэнтрам дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Кастрычніцкага раёна г. Мінска. Кожны фестываль завяршаўся ўрачыстым узнагароджаннем удзельнікаў дыпломамі і каштоўнымі падарункамі, што выклікала магутны эмацыйны ўздым. Дзеці дадаткова атрымалі альбомы Нацыянальнага мастацкага музея і змаглі азнаёміцца з экспазіцыямі музея, новымі выставамі.

Правядзенне падобных мерапрыемстваў атрымлівае ўсё большую партнёрскую падтрымку сярод розных творчых і палітычных арганізацый Беларусі.

 

Марына Трафімава, куратар інклюзіўных выстаў і фестываляў, старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай працы НММ РБ