Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Інклюзіўны арт-праект «І адчуваючы, бачыць ...». Тактыльныя карціны Васіля Зянько

З 28 лістапада 2018 года па 12 мая 2019 года Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прадстаўляе ўнікальны інклюзіўны арт-праект «І адчуваючы, бачыць ...» – сем тактыльных жывапісных твораў, аўтарам якіх з’яўляецца прафесійны беларускі мастак Васіль Зянько (нар. 1977).

Арт-праект «І адчуваючы, бачыць ...» дазваляе невідушчым і людзям са слабым зрокам адчуць сябе паўнапраўнымі наведвальнікамі музея. У кожнага з іх ёсць рэальная магчымасць убачыць карціны – вачамі або кончыкамі пальцаў, пабыць з творам мастацтва сам-насам, пагрузіцца ў разважанні аб паэзіі, якая знаходзіцца ў жывапісе.

Выпускнік кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Васіль Зянько працуе ў стылі т.зв. экалагічнага рамантызму. Менавіта такое трапнае вызначэнне творчасці мастака даў у свой час Яўген Шунейка, беларускі мастацтвазнаўца. Васіль Зянько паэтызуе прыродныя феномены, сплятаючы з ліній філігранныя рэльефныя арабескі. Яго творы добра вядомыя. Аўтарская тэхніка засноўваецца на пісьме акрылам па палатне з ужываннем разнастайных фактур, адмывак, найтанчэйшых лесіровак, але галоўнае – аб’ёмных контураў, што вельмі падыходзіць для тактыльнага ўспрымання невідушчымі людзьмі.

У 2017-м годзе Васіль Зянько прыняў удзел у рабоце Першай інклюзіўнай творчай лабараторыі беларуска-шведскага праекта «ІнкАртЛаб», якая праходзіла ў Нацыянальным мастацкім музеі. Мастак упершыню атрымаў вопыт зносін з людзьмі, у якіхбылі абмежаваныя магчымасці. Удзельнікам лабараторыі было цікава даведацца, як ўспрымуць яго творы людзі, якія слаба бачаць. Правялі эксперымент. Мінская невідушчаяпіяністка Марыя Рудко рукамі «счытала» карціну «Сланечнікі», з адваротнага боку якой быў усталяваны мікрафон. Адпаведна, дотык пальцаў да палатна стварыў своеасаблівую музыку рук, якія рухаліся па карціне. Эфект быў ашаламляльны. Паколькі дзяўчына страціла зрок у дзяцінстве, то ў яе памяці засталіся некаторыя зрокавыявобразы. Марыя без вялікіх намаганняў зразумела, што ў творы паказаны кветкі.

Васіля натхніла гэтая гісторыя. У яго нарадзілася ідэя стварыць асобны праект для невідушчых і людзей са слабым зрокам. Бо яго аўтарская тэхніка – аб’ёмная, рэльефная, контурная – неверагодна падыходзіць для ўвасаблення дадзенай задумы.

Над праектам мастак працаваў больш за год. У якасці кансультанта ён запрасіў Марыю Рудко. І гэта заканамерна, бо ў працы з людзьмі, якія маюць абмежаваныя магчымасці, існуе сакрэтнае правіла: «Нічога для іх – без іх!».

Перш за ўсё, Васіль задумаўся над тым, каб стварыць лаканічныя вобразы, якія маглі б дастаткова лёгка «счытвацца» невідушчымі. І ён звярнуўся да творчасці беларускага паэта Алеся Разанава – класіка беларускага верлібра, аднаго з заснавальнікаў беларускага хайку або «пункціраў». Гэта лірычныя мініяцюры з 3, 5–6 радкоў, у якіх складзена адна думка, зафіксавана адчуванне. Менавіта гэта і трэба было Васілю – стварыць яркія вобразы, якія абуджаюць уяўленне ў карціне, каб даць штуршок для разважанняў невідушчаму.

Мастак абраў сем «пункціраў» Алеся Разанава (з яго дазволу і адабрэння) са зборніка 2018 года «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж» з цыкла «Паляванне ў райскай даліне». Васіль стварыў своеасаблівую жывапісную імправізацыю-парафраз з увядзеннем у прастору палатна тэкстаў вершаў, перакладзеных Марыяй Рудко на шрыфт Брайля (у выглядзе мазкоў-кропак, што выступаюць у верхнім левым вугле). Існуюць міжнародныя стандарты ў пісьме шрыфтам Брайля, якія Васіль Зянько выконваў пры стварэнні тактыльных карцін. Ён увесь час звяртаўся за кансультацыяй да Марыі, каб дзяўчына магла ацаніць правільнасць напісання «пункціраў» на гэтай асаблівай азбуцы.

Дзякуючы асаблівай тэкстуры жывапісныя творы мастака добра «счытваюцца» навобмацак. Гэта значыць, што невідушчы чалавек спачатку «чытае» кароткі верш, а потым вывучае яго жывапісна-рэльефнае ўвасабленне. А для відушчых людзей творы Васіля Зянько ўяўляюць сабой гарманічныя па колеры карціны з прыпаднятай рэльефнай паверхняй плаўных ліній.

Арт-праект «І адчуваючы, бачыць ...» – гэта серыя высокамастацкіх кампазіцый, напісаных прафесіяналам. Напрыклад, у Луўры, Дзяржаўным Рускім музеі, у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь зроблены копіі некаторых карцін для таго, каб можна было тактыльна вывучаць прадмет мастацтва. Тут жа спецыяльна для невідушчых створаны арыгінальныя творы мастацтва.

Праект накіраваны на ўзбагачэнне ўяўлення невідушчага чалавека. Людзі, якія страцілі зрок на працягу жыцця, змогуць узнавіць некаторыя прадметы ў сваёй памяці. Тыя, хто ніколі не бачыў – маюць магчымасць сфарміраваць для сябе новыя вобразы. У любым выпадку, важна разумець, што перад намі – аўтарская інтэрпрэтацыя рэальнасці. І відушчыя, і невідушчыя ў дадзеным праекце паглыбляюцца ў творчы свет мастака. Гэта – не пра знаёмства з тым, як выглядае кветка, матылёк, птушка ... Гэта пра складаны сінтэз жывапісу і паэзіі. Гэта аўтарскае прачытанне мастаком літаратурных вобразаў. Г.зн. арт-праект «І адчуваючы, бачыць ...» здымае межы ў доступе невідушчых людзей да твораў мастацтва, а гэта таксама важны крок на шляху да стварэння безбар’ернага асяроддзя ў Беларусі.

Прэзентацыя гэтага ў поўным сэнсе інклюзіўнага праекта прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі 28 лістапада 2018 года ў рамках сімпозіума «Інавацыйныя практыкі ў музеі. «ІнкАртЛаб» –  новая мадэль інклюзіі і разумення інтэрактыўнасці». Выстава выклікала непадробную цікавасць у людзей з абмежаванымі магчымасцямі, педагогаў, музейных работнікаў, мастакоў, сродкаў масавай інфармацыі. Гэта яшчэ раз пацвярджае актуальнасць і сацыяльную значнасць падобнай ініцыятывы з боку творчых людзей.

Праект ужо наведалі групы людзей з абмежаваннем па зроку, у тым ліку і з УП «Святлопрыбор» ГА «БелТІЗ». Яны прапанавалі дапоўніць карціны апісаннем – аўдыядэскрыпцыяй, мэтай якой з’яўляецца перадача невідушчаму або чалавеку, які слаба бачыць недаступнай яму візуальнай інфармацыі з дапамогай спецыяльных славесных тлумачэнняў. Таму ўжо ў красавіку 2019 года наведвальнікі змогуць скарыстацца такімі аўдыягідамі, створанымі спецыялістамі з беларускай сацыяльна-культурнай установы «МоцАрт».

У далейшым арт-праект «І адчуваючы, бачыць ...» будзе пашыраны. Яго экспанаванне ўжо запланавана ў выставачных залах грамадскіх арганізацый, спецыялізаваных школах і інтэрнатах для невідушчых, а таксама ў некаторых беларускіх, расійскіх і польскіх музеях.

Вядучы навуковы супрацоўнік

аддзела сучаснага беларускага мастацтва

Наталля Сяліцкая

  

Васіль Васільевіч Зянько

Нарадзіўся ў 1977 г. у г. Стоўбцы (Рэспубліка Беларусь).

З 1989 г. жыве ў г. Мінску.

1989–1996 гг. – вучыўся ў Беларускім ліцэі мастацтваў (цяпер – Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка).

2006 г. – скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

З 2009 г. – член Беларускага саюза мастакоў.

З 2011 г. – член Беларускага саюза дызайнераў.

З 1995 г. удзельнічае ў выставах, у тым ліку рэспубліканскіх і міжнародных.

З 2010 г. з’яўляецца аўтарам і арганізатарам многіх персанальных і групавых арт-праектаў, якія праходзяць у Беларусі, Расіі і Польшчы. На сённяшні дзень мастак рэалізаваў каля 20 персанальных арт-праектаў.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (г. Мінск, Рэспубліка Беларусь), Цэнтры сучаснага мастацтва (г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь), Музеі сучаснага рускага мастацтва (г. Нью-Ёрк, ЗША), а таксама ў прыватных калекцыях Амерыкі, Беларусі, Германіі, Нарвегіі, Расіі, Польшчы, Турцыі, Францыі.

 

Ссылки на публикации и видоролики: 

 

https://www.youtube.com/watch?v=MDbZE6aj9A0&feature=youtu.be

https://www.tvr.by/news/kultura/v_natsionalnom_khudozhestvennom_muzee_vpervye_taktilnaya_ekspozitsiya/

https://minsknews.by/rukami-trogat-v-minske-prohodit-vyistavka-kartin-syuzhetyi-i-obrazyi-kotoryih-izuchayut-na-oshhup/

https://yadi.sk/d/85ylBua8vjSl5A

http://www.pramen-news.by/?p=26206