Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Невядомы мастак другой паловы XVIII ст. Партрэт Кацярыны II


Век Асветы з яго новым поглядам на свет, ідэямі роўнасці, павагі да асобы, разумнага ўладкавання грамадства быў той добрай глебай, якая сілкавала рускую культуру другой паловы XVIII стагоддзя. Характэрная для класіцызму – асноўнага мастацкага кірунку эпохі – “праграма грамадскай дабрадзейнасці” ажыццяўлялася, у прыватнасці, і ў мастацтве партрэта, дзе важнае месца заняў вобраз “першай грамадзянкі айчыны” – мудрай гаспадарыні, якая клапацілася пра дабрабыт сваіх падданых. Праслаўлялі імператрыцу і яе цараванне жывапісныя і скульптурныя работы, якія стваралі шматлікія рускія і замежныя майстры, што працавалі ў Расіі ў другой палове XVIII стагоддзя: Рокатаў, Лявіцкі, Шубін, Каравак, Лампі, Рослін. Класічным узорам такога адлюстравання можа служыць партрэт Кацярыны II, створаны невядомым мастаком у канцы 1770-х гг.

Партрэт паступіў у калекцыю музея ў 1947 годзе з Дзяржаўнага Рускага музея Пецярбурга, раней знаходзіўся ў зборы Смольнага інстытута высакародных дзяўчын.

Партрэт напісаны па пэўнай схеме, якая атрымала назву “Рослін-Рокатаў”, або “Рослін-Лявіцкі”.

 У студзені 1776 года Кацярына запрасіла ў Пецярбург майстра Аляксандра Росліна і папрасіла яго напісаць парадны партрэт. Мастак добра справіўся з задачай, старанна прапісаўшы перламутравыя пералівы парчовай робы, эфектную чырвоную драпіроўку і бляск атрыбутаў імператарскай улады. Аднак твар гаспадарыні прадстаўлены такім, якім ён быў у жыцці... Партрэт не спадабаўся Кацярыне: у сваім лісце барону Грыму яна зазначыла, што Рослін адлюстраваў яе “шведскай кухаркай, грубай і простай...”

Давялося запрасіць іншых партрэтыстаў – Ф.С. Рокатава і Д.Р. Лявіцкага. Узяўшыся за выкананне вобраза імператрыцы, майстры ўжо не надаюць такой вялікай увагі атрыбутыцы, галоўнае – ідэалізуецца знешнасць Кацярыны, прычым настолькі, што імператрыца выдае ўказ: “...Загадваю з моманту гэтага пісаць мае партрэты такім чынам – атрыбутыку пісаць, як Рослін, а твар мой, як Рокатаў і Лявіцкі...”. З тых самых часоў гэта схема так і захоўваецца і наш невядомы майстар прытрымліваецца менавіта яе.

Узвышанасць задумы вызначае жывапісная і эмацыянальная пабудова манументальнага палатна. Пунсовыя аксамітныя драпіроўкі надаюць усёй кампазіцыі характар пышнага тэатральнага дзейства. Імператрыца ўрачыста выступае перад намі, як бы ўвасабляючы сабой саму ідэю самадзяржаўнай улады. Цяжкімі складкамі кладзецца затканая двухгаловымі арламі гарнастаевая мантыя. На атласе сукенкі зіхаціць брыльянтавы ланцуг з выявай Св. Андрэя Першазванага. Паказваючы скіпетрам на бюст Пятра I, які стаіць сярод калон, і надпіс над ім: “Пачатае здзяйсняе”, Кацярына тым самым пацвярджае адданасць яго пераўтварэнням.

З выдатным майстэрствам напісаны твар і рукі імператрыцы, перададзена фактура тканін і футра. У багатай колеравай гаме карціны гарманічна спалучаюцца вялікія плоскасці чырвонага, залатога і серабрыста-зялёнага.

Само дзіўнае XVIII стагоддзе – стагоддзе незвычайных лёсаў – захавана пэндзлем таленавітага мастака ў вобразе некалі невядомай прынцэсы з маленькага нямецкага княства Сафіі Аўгусты Дароты Фрэдэрыкі Анхальт-Цербсцкай, якая стала ўладаркай вялізнай Расійскай Імперыі – Кацярынай II Вялікай, ідэалам асветнай манархіі.