Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

М. Урубель. Гензель і Грэтэль. 1896

У гісторыі рускай культуры “рубеж стагоддзяў” – паняцце ўжо вызначанае. Але, каб адным махам назваць час, трэба Імя, пры вымаўленні якога ў памяці ажывала б чарада пластычных вобразаў, і Час, што пазнаваў бы ў іх сябе. На шчасце, такое імя ёсць – Міхаіл Аляксандравіч Урубель, шматлікімі прызнаная галоўная фігура ў рускім мастацтве мяжы стагоддзяў.

У творчай спадчыне М.А. Урубеля няма работ нязначных. Шматслойнасць яго вобразнага мыслення дазваляла мастаку кожны твор падаць як квінтэсенцыю не толькі сваіх асобасных, але і эпахальных адкрыццяў. Таму ў музейным зборы любога парадку кожнае тварэнне майстра ўспрымаецца як бясцэнная жамчужына “срэбранага веку”.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь валодае сямю такімі “жамчужынамі” – своеасаблівай міні-калекцыяй, якая захоўвае памяць пра самы шчаслівы перыяд у жыцці мастака – 90-х гадах XIX стагоддзя.

У рабоце “Гензель і Грэтэль” на фоне тэатральных дэкарацый Урубель адлюстраваў оперных спявачак Таццяну Любатовіч (яна злева) і Надзею Забелу, сваю будучую жонку, у ролях Гензеля і Грэтэль у аднайменнай оперы Э. Хумпердзінка па матывах казкі братоў Грым.

Тандэм жывапісу і тэатра, які склаўся ў Расіі на рубяжы стагоддзяў, шмат у чым вызначыў своеасаблівасць і тонкае зачараванне “срэбранага веку” рускай культуры. Ля вытокаў гэтага дзіўнага плённага спалучэння – музычная пявучасць, надземная алегарычнасць і тэатральная экспрэсіўнасць – стаяў жывапіс Міхаіла Урубеля.

Пасля свайго пераезду з Кіева ў Маскву ў 1889 годзе Урубель часта выступаў у якасці тэатральнага мастака ў Рускай прыватнай оперы, арганізаванай буйным прамыслоўцам і мецэнатам С. Мамантавым. У 1895 годзе тэатр Мамантава выехаў на гастролі ў Пецярбург, дзе планавалася прэм’ера оперы Э. Хумпердзінка “Гензель і Грэтэль”. К.А. Каровін, які пісаў дэкарацыі, нечакана захварэў, і з Масквы быў тэрмінова выкліканы Урубель... Менавіта са спектаклем “Гензель і Грэтэль” звязаны рамантычная гісторыя кахання мастака і задума, мабыць, самай светлай у яго творчасці карціны.

На ролі дзяцей былі запрошаны дзве маладыя спявачкі. Партыю Гензеля выконвала мецца-сапрана Таццяна Спірыдонаўна Любатовіч, а ролю адважнай і безжурботнай Грэтэль – Надзея Іванаўна Забела, уладальніца рэдкага лірыка-каларатурнага сапрана. Гэтую таленавітую спявачку Урубель упершыню ўбачыў на рэпетыцыі ў канцы 1895 года і, адразу закахаўшыся ў яе, амаль тут жа зрабіў прапанову. Надзея Забела гарэзна абяцала, што адкажа згодай толькі пасля таго, як мастак напіша яе партрэт. Так спантанна і ўзнікла задума карціны.

Для майстра гэта праца стала першай спробай у жанры “тэатралізаванага” партрэта. Жадаючы захаваць актрыс у ролі, мастак паказвае іх у тэатральных касцюмах і грыме, на фоне дэкарацый, якія адлюстроўваюць пернікавы домік. Мігатлівыя чароўнымі фарбамі дэкарацыі ствараюць неабходны эмацыйны падтэкст у партрэце, адцяняючы жыццярадасную сутнасць юных герояў казкі. У круглатварай Таццяне Любатовіч мы лёгка ўгадваем непаваротлівага тугадума Гензеля, які заўсёды спадзяецца на сваю сястру – знаходлівую, вясёлую і спрытную, як ластаўка, Грэтэль. Урубель падкрэслівае характар персанажаў пластыкай іх рук – крыху цяжкаватага ў рухах “хлапчука” і па-дзявочы грацыёзнай, какетлівай у “выкананні” кволай Надзеі Забелы.

“Гензель і Грэтэль” – адзіны двайны партрэт у творчай спадчыне Міхаіла Урубеля. Яго галоўная непаўторнасць крыецца ў настроі. Ідучы за сюжэтнай фабулай, а яшчэ больш за сваім асабістым пачуццём, мастак стварае не звычайны для сваёй манеры камерны твор, працяты атмасферай душэўнага цяпла, мяккасці і лірызму. Усмешлівыя твары дзяўчат, такія прывабныя ў сваёй душэўнай адкрытасці, нібы сімвалізуюць доўгачаканую, радасную паўзу, што ненадоўга настала ў пакутлівых пошуках вечна ўтрапёнага мастака.

Працуючы над партрэтам, Урубель не ўтойвае сваіх асаблівых адносін да адной з гераінь. Ён адводзіць вобразу Надзеі Забелы вядучую ролю ў сюжэтнай і кампазіцыйнай пабудове партрэта, прыцягвае ўвагу гледача да позірку яе ўсмешлівых, цудоўных вачэй. Зачараваны музычнасцю і артыстызмам сваёй выбранніцы, закаханы мастак з уласцівай яму тэмпераментнасцю імкнецца перадаць гэтыя якасці яе натуры складаным рытмам жывапісных мазкоў.

Трэба меркаваць, праца спадабалася спявачцы, 28 ліпеня 1896 года ў Жэневе адбылося вяселле Надзеі Забелы і Міхаіла Урубеля, а праца “Гензель і Грэтэль” стала першай у чарадзе шматлікіх партрэтаў Н. Забелы-Урубель, створаных яе мужам.