Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

М. Ге. Ахілес, які аплаквае Патрокла. 1855

Мікалай Мікалаевіч Ге – адзін з самых своеасаблівых і значных рускіх мастакоў другой паловы XIX стагоддзя. У яго творчасці знайшлі адлюстраванне перш за ўсё маральна-этычныя праблемы, што хвалявалі перадавую рускую інтэлігенцыю таго часу. М. Ге працягваў традыцыі Аляксандра Іванава, які верыў у сілу мастацтва ў ператварэнні чалавека. Па сваіх поглядах на сучаснае жыццё Ге быў блізкі да І.М. Крамскога і Л.М. Талстога. Назваўшы адну са сваіх карцін “Што ёсць ісціна?”, мастак паказаў, што імкнецца ставіць перад сабой самыя складаныя пытанні, якія хвалююць чалавецтва на працягу стагоддзяў.

Мікалай Ге, унук французскага эмігранта, дзяцінства і юнацтва правёў на Украіне. Вучыўся будучы мастак на матэматычным факультэце Кіеўскага, а потым Пецярбургскага ўніверсітэтаў. У 1850 годзе Ге паступіў у Акадэмію мастацтваў у майстэрню прафесара П.В. Басіна.

У Нацыянальным мастацкім музеі знаходзіцца карціна “Ахілес, які аплаквае Патрокла” (п., а. 147,5х172,5. Справа ўнізе: Мікалай Ге. 1855. Набыты ў 1957 г. у прыватнага ўладальніка), напісаная ў гады вучобы ў 1855 годзе. Прытрымліваючыся класічнай традыцыі акадэмічнай школы, Ге звяртаецца да сюжэта з “Іліяды” Гамера.

Патрокл загінуў у баі ад рукі Гектара. У журботна-ўрачыстай позе са слязьмі на вачах Ахілес нахіліўся над целам любімага сябра. Побач з пасцеллю стаіць чароўна-прыгожая багіня Фетыда – маці Ахілеса, якая прынесла сыну новыя, выкаваныя Гефестам, цудоўныя залатыя даспехі. З вялікім майстэрствам Ге выпісвае ўзбраенне старажытнагрэчаскіх воінаў.

Гераічныя характары, барэльефная кампазіцыя, лакальная сістэма каларыту даюць нам узор акадэмічнай карціны, за якую М. Ге быў прысуджаны малы залаты медаль.