Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

І. Рэпін. Партрэт М. Андрэевай. 1905

Ілья Рэпін – адзін з найбуйнейшых мастакоў Расіі другой паловы XIX – пачатку XX стагоддзя. У сваёй творчасці ён звяртаўся да розных жанраў, ствараючы гістарычныя і жанравыя палотны, пейзажы, творы на міфалагічныя і рэлігійныя сюжэты. Асаблівы талент Рэпін праявіў у галіне партрэта. Уменне даць чалавеку ўсебаковую характарыстыку і пры гэтым вылучыць самае галоўнае – гэта адметныя рысы лепшых работ майстра.

Больш за ўсё мастака прыцягвалі людзі творчыя – музыканты, вучоныя, пісьменнікі. “Партрэт Марыі Андрэевай” – гэта вобраз знакамітай актрысы, удзельніцы рэвалюцыйнага руху, блізкага сябра Максіма Горкага. Партрэт быў створаны ў Фінляндыі ў 1905 годзе, калі Рэпін жыў у Куокале, у маёнтку Пенаты, па суседству з дачай Андрэевай. Першапачаткова майстар задумваў сумесны партрэт Марыі Андрэевай і пісьменніка Максіма Горкага, але затым ад гэтай ідэі адмовіўся і напісаў актрысу адну.

Рэпін бачыў у Андрэевай не толькі прыгожую і элегантную жанчыну. Мастака захапляў яе розум, упэўненасць у сабе, цвёрдасць характару. Усе гэтыя якасці лёгка чытаюцца ў позе жанчыны, якая сядзіць, у энергічным руху яе рук, у сабранасці, мэтанакіраванасці позірку.