Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

І. Машкоў. Нацюрморт з дынямі і гарбузамі. 1914–1915

У 1910 годзе ў Маскве з вялікім скандалам прайшла першая выстава маладых мастакоў, якія аб’ядналіся ў творчую суполку пад назвай “Бубновы валет”. На ёй паказалі свае карціны Аляксандр Купрын, Пётр Канчалоўскі, Васіль Раждзественскі, Роберт Фальк, Арыстарх Лянтулаў, Ілья Машкоў, Міхаіл Ларыёнаў, Наталля Ганчарова.

Вернісаж выклікаў абурэнне публікі і мастацкай крытыкі, якая адазвалася пра ўбачанае так: “...гэта нейкі кашмар, безупынная гарачачная бязглуздзіца, галюцынацыя вар’ятаў... Удзельнікі выставы ўсё прыгожае, дзеля чаго варта і трэба жыць, вырашылі знішчыць дашчэнту, затаптаць і апляваць сліной злосці і роспачы перад сваім бяссіллем пазнаць сапраўдную прыгажосць. Яны пагрэбавалі ўсімі законамі творчасці ...яркія фарбы і псаванне твараў, фігур, пейзажаў! Убоства і здзек!”

Але перш за ўсё мастакі “Бубновага валета” жадалі вярнуць жывапісу ўласцівыя толькі яму якасці – колер, лінію, пластыку форм і аб’ёмаў, надаць яму новае гучанне. “...У “Бубновых валетаў” шмат сапраўднай таленавітасці і “вясёлага рамяства”, а галоўнае – маладосці.

“Найбольш жывапісец са ўсіх, бадай што, Ілья Машкоў. Яму бліжэй за ўсіх знаёмы алейныя фарбы, і яны падпарадкоўваюцца яму...”, – пісаў зычліва настроены паэт Максіміліян Валошын.

Ілья Іванавіч Машкоў нарадзіўся ў 1881 годзе ў станіцы Міхайлаўская-на-Доне Саратаўскай губерні. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1900–1909) у Канстанціна Каровіна, Валянціна Сярова, Апалінарыя Васняцова. Наведаў Аўстрыю, Германію, Францыю, Англію, Італію, Іспанію, Турцыю, Грэцыю, Егіпет. З 1918 года – прафесар.

Выкладаў ва ўласнай студыі (1902–1917), Дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрнях – Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях – Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце (1918–1930). Жыў і працаваў у Маскве. Быў адным з арганізатараў аб’яднання “Бубновы валет”.

Сёння ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь знаходзяцца 10 твораў Ільі Іванавіча. Набытыя на працягу другой паловы 1940–1970-х гадоў у сям’і мастака і прыватных калекцыянераў, яны з’яўляюцца гонарам калекцыі рускага жывапісу.

Цікавасць да прадмета, яго формы, масы, колеру зрабіла нацюрморт вядучым жанрам у творчасці мастакоў “Бубновага валета”. Вялікі ўплыў на іх аказалі карціны французскага мастака Поля Сезана. Мастакі “Бубновага валета” па-свойму пераасэнсоўвалі яго дасягненні. Нацюрморты Машкова адрозніваюцца гарачай ўлюбёнасцю у натуру, імкненнем раскрыць усе яе “таямніцы”, спасцігнуць законы “ўнутранага жыцця” прадметаў.

Адзін з лепшых твораў Ільі Машкова ў зборы музея – “Нацюрморт з дынямі і гарбузамі” 1914–1915 гг. Мастак захоплены самім актам “стварэння” карціны. Тут таксама прасочваецца ўплыў Сезана, які “адным з першых... убачыў у фарбе не толькі яе колеравую функцыю і фарбавальную якасць, але таксама адчуў эмоцыі, якія ўзнікаюць ад успрымання самога рэчыва, цеста фарбы, фактуры”.

На фоне сіне-зялёнай драпіроўкі, якая ляжыць прыгожымі складкамі, раскладзены і расстаўлены парцалянавыя і шкляныя вазы з яблыкамі і слівамі, гарбузы, кавун, кветкі ў гліняных гаршках. Інтэнсіўным, насычаным колерам мастак выяўляе “канструкцыю” кожнага прадмета. Яго захапляе разнастайнасць форм, іх спрадвечная моц, пластычная дасканаласць, выразнасць ліній. Нацюрморт напісаны з такім моцным жывапісным тэмпераментам, што ўзнікае адчуванне, быццам перад намі кветкі і плады першых дзён тварэння, як бы “першаўзоры” рэчаў. Карціна ўспрымаецца як урачысты гімн вялікім творчым сілам Прыроды.